Магілёвец назаўсёды запомніць 5 жніўня, калі да яго ўварваліся супрацоўнікі 11-га Упраўлення ГУБАЗіК МУС РБ.
Раніцай 5 жніўня дадому да Мікалая Французова ўварваліся трое невядомых у цывільным адзенні. У той момант ён яшчэ спаў.
Як кажа Мікалай, апранутыя незнаёмцы былі з іголачкі, «нібы толькі прыйшлі з клуба» – штаны, туфлі і кашуля. Менавіта таму ён не адразу зразумеў, хто менавіта знаходзіўся ў той момант у яго дома. Дзверы невядомым адкрыла перапалоханая маці, калі пачула: «Адчыніце, міліцыя!».
Сонны Мікалай, нацягнуўшы шорты і батнік, паспрабаваў выйсці з пакоя, каб даведацца, што адбылося і ў лічаныя секунды ён апынуўся адкінутым на канапу адным з людзей у цывільным.
Як сцвярджае Французаў, ён ад нечаканасці схапіў чалавека, які на яго напаў, за рукаў, пасля чаго яму імгненна звязалі рукі за спіной рамянём ад штаноў. Затым маладога чалавека пачалі скручваць і душыць прама на канапе.
Па словах Мікалая, яго вывелі з хаты басанож, у сагнутым становішчы і капюшонам на галаве.
– Мяне вывелі з дому, пасадзілі ў машыну і там працягнулі збіваць з крыкамі «Ну, што, давы*** ся?», – успамінае траўматычны вопыт Французаў.
«ВАС ТАКІХ ЗНІШЧАЦЬ ТРЭБА, ЗМАГАР’Ё»
Як аказалася, затрымалі Мікалая супрацоўнікі 11-га Упраўлення ГУБАЗіК МУС РБ. Даставіўшы хлопца ў будынак сваёй канторы, сілавікі завялі яго ў кабінет, шпурнулі на падлогу і працягнулі збіваць – так сцвярджае сам Французаў.
– Батнік, які паспеў дома надзець, вельмі змякчаў ўдары, – распавядае Мікалай.
У гэты ж час двое сілавікоў з тых, хто забіраў яго з хаты, вярнуліся назад і правялі там ператрус.
Ад таго, хто застаўся, Французаў пачуў: «Вас такіх знішчаць трэба, змагар’ё».
У першую чаргу, супрацоўнікаў ГУБАЗіК цікавіў смартфон Мікалая. Разблакавалі яго лёгка – схапілі хлопца за горла і выкарысталі Face ID.
Па словах Французава, увесь допыт суправаджаўся ўдарамі і пагрозамі.
– Для мяне галоўным было ў той момант, захаваць спакой і цвяроза думаць. Думаць пра тое, як выйсці жывым і адносна цэлым і здаровым з гэтай сітуацыі, – кажа малады чалавек.
Разумеючы, што блізкія і сябры нічога не ведаюць аб тым, што адбылося, ён даў згоду зняцца ў відэароліку ГУБАЗіК.
Адзначым, што распавядаючы пра затрыманні, цягам апошніх тыдняў многія магілёўцы паведамлялі, што іх здымалі на відэа, пасля чаго гэтыя нарэзкі публікаваліся ў праўладных телеграм-каналах і на дзяржаўным ТБ.
У Французава, з яго слоў, мэта была даць аб сабе ведаць сваім блізкім. Разумеючы, што гэта відэа будзе размешчана ў Інтэрнэце, ён чакаў, што людзі змогуць даведацца, што з ім адбылося (у прыватнасці, валанцёрская праваабарончая група MAYDAY даведалася пра затрыманне Мікалая менавіта пасля публікацыі відэа ў ТГ-канале прапагандыста Рыгора Азаронка).
Па словах хлопца, да моманту відэазапісу яго рукі ўвесь час былі звязаны рамянём за спіной. Допыт доўжыўся некалькі гадзін. На просьбы выйсці ў туалет і папіць вады хлопец атрымліваў адмову.
СК, “МАЛПАЎНІК”, ТАЕМНЫ СУД
Пасля допыту ў ГУБАЗіК Мікалая Французава павезлі на допыт ва Упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці.
Як адзначае Мікалай, у СК задавалі тыя ж самыя пытанні, але стаўленне было больш карэктным – ні пагроз, ні збіванняў не было.
Зрэшты, супрацоўнікі ГУБАЗіК, якія прыехалі пасля ператрусу ў доме Французава, паводле яго слоў, прымусілі падпісаць пратаколы пад пагрозай фізічнага збіцця.
Затым былі амаль суткі чакання суда ў «малпоўніку» Ленінскага РАУС. Па прыкладных падліках Мікалая, у камеры ён правёў ноч і палову другога дня. Добрай навіной для яго было тое, што супрацоўнікі Ленінскага РАУС выпускалі яго ў туалет і дазвалялі папіць ваду з крана.
Судзілі Мікалая Французава па адміністрацыйным артыкуле за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі прама з будынка РАУС па «Скайпе».
Працэс выйшаў таемным – у раскладзе імя Французава не з’яўлялася. Не ведалі, што з ім, і яго блізкія сябры. Прозвішча суддзі ён не запомніў, сказаўшы, што тая вельмі хутка прамармытала свае дадзеныя сабе пад нос.
На паседжэнні сведкамі выступілі ўсё тыя ж супрацоўнікі 11-га Упраўлення ГУБАЗіК МУС РБ.
Як распавёў Мікалай, папярэдне з ім правялі гутарку, у якой вельмі пераканаўча настойвалі на тым, каб ён на судзе заявіў, што ўсе прававыя нормы быў выкананы – маўляў, у дом яны не ўрываліся, а прыйшлі з санкцыяй, прадставіліся і прад’явілі дакументы. Аб фактах збіцця і здзекаў, натуральна, было рэкамендавана змаўчаць. У адваротным выпадку Французову прыгразілі ўзбуджэннем ужо крымінальнай справы.
Суд доўжыўся 20 хвілін. Суддзя суда Ленінскага раёна, зачытаўшы правы, адразу спытала, ці прызнае сябе Мікалай вінаватым. Памятаючы пагрозы, віну Мікалай прызнаў і адправіўся адбываць пакаранне ў ізалятар часовага ўтрымання УУС Магаблвыканкама на сем сутак.
ЗАКЛЕЙВАЦЬ ХЛЕБАМ ДЗІРКІ АД БЛАШЧЫЦ
Пра тыдзень у ІЧУ Мікалай Французаў успамінае са змяшанымі пачуццямі. Ён распавёў, што «палітычным» па-ранейшаму не даюць матрацы, падушкі і пасцельную бялізну. Ноччу гарыць яркае святло і кожныя дзве гадзіны вязняў будзяць «на праверку».
За ноч, сцвярджае Мікалай, атрымоўваецца паспаць ўсяго некалькі гадзін. А шостай раніцы ўключаецца радыё і напрацягу дня не дазваляюць нават сядзець на нарах.
Нагадаем, што ўпершыню весткі пра пагаршэнне ўмоў утрымання ў магілёўскім ІЧУ публікаваў телеграм-канал MAYDAY ў канцы сакавіка і з тых часоў нічога не змянілася.
Французаў распавёў, што ў камерах велізарная колькасць блашчыц, якія вельмі моцна пакусалі сядзельцаў.
¬- У нейкі момант мы нават спрабавалі латаць шчыліны ў нарах мякішам ад чорнага хлеба, бо былі ўжо моцна пакусаны. Але ўсе гэтыя непрыемнасці толькі мацней гуртуюць «палітычных». Мы ўсе там вельмі пасябравалі і дапамагалі адзін аднаму, а тыя, хто быў за дзвярыма, упэўнены, нам зайздросцілі, – успамінае Мікалай.
ЗАПРАШЭННЕ НА КРЫМІНАЛКУ
Па папярэдняй дамоўленасці з супрацоўнікамі ГУБАЗіК, Французаў па выхадзе з ІЧУ павінен быў адразу ж з’явіцца да іх для допыту па нейкай крымінальнай справе, па якой ён праходзіць у якасці фігуранта.
Мікалай прызнаўся, што знаходзячыся пад арыштам, ён прадумваў некалькі варыянтаў выезду з краіны. Баяўся, што калі выйдзе за вароты ІЧУ, яго будуць чакаць супрацоўнікі міліцыі.
Аднак гэтага не адбылося.
Малады чалавек усяго за некалькі гадзін сабраў неабходныя рэчы і дакументы і з’ехаў.
– Першыя суткі мне прыйшлося хавацца ў Беларусі. Нават родныя не ведалі, дзе я. Затым я пакінуў межы Рэспублікі Беларусь і зараз знаходжуся ў іншай краіне, – кажа Мікалай.
Першае прыемнае адчуванне, якое ён адчуў пасля перажытага жаху – сон у мяккім, чыстым ложку. Французаў галоўнай прыкметай свабоды лічыць пачуццё бяспекі.
Наконт будучыні Беларусі прагнозы ў Мікалая песімістычныя:
– У мяне няма ілюзій. Я думаю, што сітуацыя будзе толькі пагаршацца і ў плане ціску з боку ўладаў, і ў плане далейшага падзення ўзроўню жыцця беларусаў. Аднак, пры магчымай змене сітуацыі, у прыватнасці не проста змене ўлады, а менавіта сістэмы, я гатовы вярнуцца дадому, і ўпэўнены, што большасць беларусаў, вымушаных бегчы, зробяць тое ж самае.
У бліжэйшых планах у Мікалая – аднаўленне сваёй працы: ён працуе выдалена ў сферы IT.
І, вядома ж, запэўнівае Французаў, ён будзе і надалей рабіць усё, каб гуртаваць людзей, блізкіх яму па поглядах і дапамагаць ім, – упэўнены малады чалавек.