Карэспандэнт mspring.online пабываў на самым халодным за апошнія гады парадзе 9 траўня і захаваў усе самае цікавае для вас.

9 мая. Магілёў. Алесь Святліцкі


Першае, што кінулася ў вочы, – гэта галінкі дрэў з папяровымі кветкамі. Іх прынеслі з сабой школьнікі і настаўнікі. Аказалася, гэта бюджэтныя заменнікі кветак і балонікаў, якімі радасна размахвалі дзеці і дарослыя насустрач ветэранам.

***

Было вельмі халодна. Тэрмометр у дадатку на смартфоне паказваў +1 градус цяпла. Святочна апранутыя вучні мерзлі ў лёгкіх курточках, школьніцы ў спадніцах пераступалі з нагі на нагу. Пашанцавала тым, каму прыйшлося стаяць побач з крамамі. Мы з некалькімі старшакласнікамі пару разоў забягалі ў вестыбюль рэстарана “Ідылія”, каля якога чакалі працэсію. Каля 10-ай гадзіны раніцы я ўбачыў, як з дзвярэй “Ламбарду” непадалёку ў лепшых традыцыях дэсанту адзін за адным выскачыла дзесяткі два вучняў.

***

Гучней за ўсіх паводзілі сябе настаўнікі: адны спрабавалі вызваніць недаехаўшых, іншыя спрабавалі размясціць належным чынам тых юніёраў, якія былі ў іх распараджэнні. Задача была складанай – трэба было замаскіраваць прарэхі, якія ўзніклі ў жывой сцяне бліжэй да плошчы Славы. Справіліся: вучні тонкім пластом прыліплі да ўзбочынаў дарогі за дзесяць хвілін да таго, як з’явілася галава калоны.

***

Георгіеўскіх стужачак было значна больш, чым у мінулым годзе. Чорна-аранжавыя вузельчыкі красаваліся як на гледачах, так і на удзельніках параду.

***

А вось беларускай дзяржаўнай сімволікі было мала. Склалася ўражанне, што ад яе адмовіліся на карысць савецкай спадычны. Партрэт Сталіна і сцяг Азербайджана да шэсця прыкладаліся. За шэсцем таксама назіралі некалькі чалавек з расійскімі трыкалорам.

***

Вялікага свята, насуперак традыцыям, не было. Калі раней улады арганізоўвалі вулічны гандаль, конкурсы і выставы на пешаходнай частцы ў цэнтры Магілёва, то ў гэтым годзе ўсе адправілася ў Пячэрскі лесапарк. Адзінае, што нагадвала пра свята Перамогі каля 12-й гадзіны дня, – паходная кухня каля гандлёвага цэнтра “Магніт”.