Як рэагуе сілавое ведамства, калі штосьці ідзе не так.

25 траўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Здымак – uvd.mogilev.by


Гісторыя адзін. Выцягнуты незразумела праз якое шкло кіроўца

Усё самае лепшае ў рэлізах УУС Магілёўскага аблвыканкама пачынаецца са слоў «афіцыйны каментар». Асабліва, калі інфармацыйны аддзел ведамства ўстае на барацьбу з ідэалагічнымі супернікамі з «Хартыі-97», «Беларускага партызана» і іншымі. Так атрымалася з інфармацыяй пра супрацоўнікаў ДАІ, якім давялося разбіць і выцягваць праз шкло аўтамабіля нецвярозага кіроўцу і ягонага пасажыра:

«21.05.2017 года на сайцеХартыя 97і іншых Інтэрнэт-рэсурсах быў размешчаны матэрыялПад Магілёвам даішнікі разбілі лабавое шкло”… Інфармацыя, распаўсюджаная дадзенымі СМІ і Інтэрнэт-рэсурсамі, загадзя не адпавядае рэчаіснасці і наўмысна накіравана на дыскрэдытацыю супрацоўнікаў АУС. … Адзначым, што Інтэрнэт-рэсурсы ў мэтах пагаршэння негатыўнага ўспрымання чытачамі дзеянняў інспектараў ДПС АДАІ РАУС, наўмысна распаўсюдзілі скажоныя звесткі аб тым, што супрацоўнікі «разбілі лабавое шкло і праз яго дасталі кіроўцу», – кажа нам афіцыйны каментар УУС.

На самай справе, “Хартыя-97” узяла толькі гатовы матэрыял з сайта “Нашай Нівы”. А “Наша Ніва” – сюрпрыз – запазычыла текст у лепшых журналістаў горада з “Вячэрняга Магілёва”. 

Менавіта абласная газета, якая не раз атрымлівала граматы і ўзнагароды ад Міністэрства ўнутраных спраў, упершыню заявіла, што менавіта праз лабавое шкло і быў выняты заспіртаваны кіроўца. Прычым “Вячорка” зрабіла тэкста са спасылкай на матэрыялы, “прадастаўленыя начальнікам ААПП Магілёўскага РАУС Арцёмам Мішэніным”. Скрыншот прыкладаем.

Гісторыя два. Замоўчванне дасягненняў карупцыянера – былога дырэктара ЖКГ

15 траўня ў СМІ з’явілася інфармацыя пра крымінальную справу, якая вядзецца ў дачыненні да Уладзіміра Агеева – былога дырэктара Магілёўскага УКП «Жылкамгас». 16 траўня аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС апублікавала тэкст, у якім расказала аб тым, як была ўладкованая злачынная схема, у якой адну з вядучых роляў гуляў вышэйзгаданы начальнік сферы ЖКГ.

«Дзякуючы карпатлівай аператыўнай працы супрацоўнікаў УБЭЗ УУС, былі распачаты крымінальныя справы ў дачыненні да кіраўнікоў прадпрыемстваў ЖКГ шасці раёнаў Магілёўскай вобласці, а прычынены ўрон склаў больш за 450 тысяч рублёў. … Прынятыя намаганні дазволілі сарваць планы арганізатараў, якія мелі намер уцягнуць у злачынную схему яшчэ больш службовых асоб у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі », – гаворыцца ў заяве.

УУС вырашыла не згадваць, што ўсяго год таму сайт ўрачыста віншаваў Агеева з 55-годдзем. Ён – былы намеснік начальніка УУС, начальнік папярэдняга расследавання абласнога ўпраўлення, палкоўнік міліцыі ў адстаўцы.

Гісторыя тры. Як урывак з верша Янкі Купалы стаў «нацысцкім лозунгам»

У канцы сакавіка на судзе над удзельнікам акцыі пратэсту 15 сакавіка Аляксандрам Страхам высветлілася што, лозунг «Жыве Беларусь» – нацысцкі. Ва ўсякім разе, так палічыў камандзір роты АМАП УУС Барысенка. Паводле ягоных словаў, Страх крычаў “Жыве Беларусь», а натоўп адказваў «Жыве!», як нацысты”. Потым міліцыянт паправіўся, сказаўшы, што выкарыстоўваць лёзунг не забаронена, але толькі не такім тонам.

Здзівіўшыся здольнасці міліцыянта вызначаць ступень нацызму па тоне, чатыры імагілёўскіх журналісты звярнуліся да начальства Барысенка па тлумачэнні. Адказ апынуўся годным АМАПу. Супрацоўнік міліцыі параўнаў людзей, якія крычалі «Жыве!” з нацыстамі, «каб суддзя меў ўяўленне аб дзеяннях Страха, а не для параўнання удзельнікаў масавага мерапрыемства з нацыстамі».

Пры гэтым пад лозунгам «Жыве Беларусь!» Выходзіць дзяржаўная «Народная газета», а школьнікі вучаць аднайменнае верш Янкі Купалы.

«Гэтя крык, што жыве Беларусь!».

Гісторыя чатыры. Маўчанне і рэзкі выпад у дачыненні да крычаўскіх міліцыянтаў

11 крычаўскіх міліцыянтаў яшчэ ў лютым паскардзіліся міністру ўнутраных спраў на начальніка Крычаўскага РАУС. Той, па іх словах, адбіраў іх прэміі, прымушаў дзяжурыць больш звычайнага і прымушаў складаць пратаколы за дробнае хуліганства і распіванне алкагольных напояў у грамадскім месцы. Першымі інфармацыю падалі БелСАТ, БелаПАН і «Радыё Свабода». Пасля гэтага «бунт крычаўскіх міліцыянтаў» разышоўся па ўсім Інтэрнэту – так ахрысцілі інцыдэнт некаторыя сайты.

Абласное ўпраўленне міліцыі адрэагавала на інфармацыю не адразу. Толькі праз некалькі дзён са словам выступіў намеснік начальніка УУС Уладзімір Рыжанкоў.

Ён назваў інфармацыю крычаўскіх міліцыянтаў Вусіка і Шашкова непацверджанай, а СМІ, якія яе распаўсюдзілі, – «дэструктыўнымі» (што б гэта ні значыла).

Рыжанкоў абвінаваціў Вусіка і Шашкова ў парушэнні прафесійнай этыкі і шматлікіх эпізодах непрафесійнага выканання сваіх абавязкаў. У канцы свайго тэксту ён прыгразіў, што ў выпадку выяўлення ў іх выступах у СМІ паклёпу, на іх можа быць распачата крымінальная справа.

Дарэчы, у дзеяннях кіраўніка Крычаўскага РАУС нічога супрацьпраўнага не знайшлі.

Гісторыя пяць. Апытанне, якое абразіла светлы вобраз ДАІ

У снежні мінулага года мы ўпершыню ў сваім жыцці ўбачылі, як хтосьці спрабуе дамагчыся абвяржэння апытання.

21 лістапада аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС выявіў у пабліках «Укантакце» Бобруйск.Live, Могилев.Live і Могилев.Real апытанне “Якую суму грошай вы давалі супрацоўнікам ДАІ Магілёўскай вобласці”. Для адказу прапаноўвалася выбраць адзін з наступных варыянтаў: “Менш за 5 даляраў”, “101 і больш даляраў”, “Я пытанні без грошай вырашаў” і некаторыя іншыя. УУС палічыла такое апытанне абразлівым і падала супраць адміністратара пералічаных старонак Аляксандра Ірхо пазоў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.

Міліцыя, апроч іншага, прасіла апублікаваць абвяржэнне апытання. У судзе Ленінскага раёна прадстаўнікі УУС заявілі шмат цікавых рэчаў:

«Указанне іншай валюты (даляраў) сведчыць аб намёку на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў ДАІ».

«На старонцы апублікаваныя вынікі гэтага апытання. Гэта значыць любы карыстальнік, адкрыўшы старонку, бачыў, што грашовую суму ў памеры 101 і больш даляраў супрацоўнікам ДАІ Магілёўскай вобласці даў 67 чалавек. Тое, што ў апытальніку пазначаны дадатковыя адказы «Я пытанні вырашаў без грошай», «Я не кіроўца» і «Я не сутыкаўся з ДАІ», ня прымяншаюць той інфармацыі, якая ўжо дыскрэдытавала і зганьбіла дзелавую рэпутацыю асоб УУС Магілёўскага аблвыканкама».

«Пазначэнне інфармацыі негатыўнай пра супрацоўнікаў ДАІ Магілёўскай вобласці ў цэлым – гэта неаб’ектыўна, незаконна і крыўдна. У сваёй большасці супрацоўнікі міліцыі, асабліва ДАІ, рызыкуюць пастаянна! Менавіта таму іх дзейнасць знаходзіцца пад абаронай дзяржавы ».

Усе гэтыя словы належылі старэйшаму інспектару па прававым забеспячэнні аператыўнага аддзялення штаба Таццяне Мартынавай.

Нягледзячы на такую прабіўную аргументацыю, суддзя Ленінскага суда Валянціна Лапаціна адмовіла абласной управе міліцыі ў іх пазове.