Альтэрнатыўны рок – гэта крута, але тое, што робіць Джарэд Лета па-за сцэнай, не менш захапляльна.

2 мая. Магілёў. Ігар Лазоўскі / фота на галоўнай – theharlotletter.com

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


Магілёўскую групу Nizkiz адабралі для выступу на разагрэве ў амерыканцаў з Thirty Second To Mars. Канцэрт адбудзецца 15 ліпеня ў Менску на «Чыжоўка-Арене». Thirty Seconds To Mars прывязуць у Мінск новы альбом «America» і, вядома ж, праспяваюць лепшыя песні.

Пра папулярнасць рокераў няма сэнсу шмат казаць – у іх некалькі прэмій MTV, паўтара мільёна падпісчыкаў у Інстаграм ў гурта і больш за 10 мільёнаў – у франтмэна Джарэда Лета. Іх самы папулярны кліп на песню The Kill на Youtube сабраў 140 млн. праглядаў.

Так што Nizkiz сарвалі музычны ва-банк: выступіць на адной сцэне з Thirty Seconds To Mars безумоўна крута для мясцовай рок-групы. Але і гэта не ўсё.

Магілёўскі калектыў ўбачыць перад сабой выдатны прыклад, як можна накіраваць сваю папулярнасць на добрыя мэты. Знаёмцеся – Джарэд Лета.

 

ВЫСТУПІЎ СУПРАЦЬ МІГРАЦЫЙНЫЙ ПАЛІТЫКІ ТРАМПА

Альбом «Аmerica», які прадставяць у Мінску 30 seconds to Mars, стаў першым для гурта за пяць гадоў і выйшаў у 2018-ым. Рыхтаваць яго музыкі пачалі ў 2015-ым. У 2017 годзе яны выпусцілі песню Walk On Water, якую абвесцілі асноўным сінглам альбома.

Крытыкі адразу адзначылі палітычны элемент сінгла – у канцы песні ёсць адсылка да абрання Дональда Трампа прэзідэнтам ЗША. Трэк атрымаў узнагароду MTV Europe Music Award. Падчас цырымоніі ўзнагароджання Джарэд Лета ўспомніў пра жорсткую папулісцкую міграцыйную пазіцыю новага прэзідэнта і заявіў са сцэны:

«Мы – амерыканцы – краіна эмігрантаў – і мы проста хочам сказаць, што мы радыя вітаць вас з распасцёртымі абдымкамі і сэрцамі, і мы любім вас».

 

ПАДТРЫМАЎ НАРОД ВЕНЕСУЭЛЫ І УКРАІНЫ

Таленту Джарэда Лета хапіла з лішкам і на акцёрскую кар’еру. У 2014 годзе ён атрымаў галоўную кінаўзнагароду ў свеце – «Оскар» – за ролю другога плану ў фільме «Даласкі клуб пакупнікоў», дзе ён выканаў ролю трансгендэрнай жанчыны.

photo – flickr.com

У гэтым жа годзе ў Венесуэле і Украіне бушаваў палітычны крызіс. У лацінаамерыканскай краіне антыўрадавыя дэманстранты прайшлі праз сталіцу дзяржавы Каракас, патрабуючы адстаўкі прэзідэнта Нікаласа Мадура з-за праблем з інфляцыяй і недахопу прадуктаў. Ва Украіне ж у гэты час працягваўся канфлікт з Расеяй з-за акупацыі Крыму.

Са сцэны пасля атрымання статуэткі Лета выказаў рэспект людзям Украіны і Венесуэлы:

– Усім летуценнікам ва ўсім свеце, хто назірае за гэтым вечарам у такіх месцах, як Украіна і Венесуэла, я хачу сказаць, што мы тут, і калі вы з усіх сіл спрабуеце ўвасобіць свае мары ў жыццё і ажыццявіць немагчымае, мы думаем пра вас сёння ўвечары.

 

ДАПАМАГАЕ ВІЧ-ІНФІКАВАНЫМ І ХВОРЫМ ДЗЕЦЯМ

Джарэд Лета прынцыпова выкарыстоўвае сваю славу на карысць. Ён з’яўляецца валанцёрам Habitat for Humanity International – гэта міжнародная няўрадавая некамерцыйная арганізацыя, якая займаецца будаўніцтвам простага і даступнага жылля для бедных і бяздомных ва ўсім свеце.

Акрамя таго, ён удзельнічае ў супольнасці The Art of Elysium. Гэтая ініцыятыва з’явілася ў 1997 годзе з мэтай даць магчымасць акцёрам, мастакам і музыкантам добраахвотна праводзіць час з дзецьмі, у якіх ёсць цяжкія захворванні, а таксама дапамагаць тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

youtube.com

Асобна магутную маральную і матэрыяльную падтрымку Джарэд Лета аказвае людзям з ВІЧ.

Як ён распавёў у адным з інтэрв’ю, з праблемай ВІЧ/СНІД музыкант сутыкнуўся яшчэ ў 1991 годзе, калі пераехаў у Лос-Анджэлес:

Я здымаў пакой у трохпакаёвай кватэры. Побач са мной здымаў пакой чалавек, які паміраў ад СНІДа. Я быў сведкам яго апошніх дзён – гэта было жудасна.

Лета ў сваім выступе пасля атрымання «Оскара» таксама выказаў падтрымку людзям з ВІЧ:

– [Мая ўзнагарода] для 36 мільёнаў чалавек, якія прайгралі бітву са СНІДам, і для тых з вас, хто калі-небудзь адчуваў несправядлівасць з-за таго, кім вы з’яўляецеся ці каго любіце. Сёння увечары я стаю тут перад светам з вамі і для вас.

Акрамя слоў, Джарэд Лета дзейнічае – ён з’яўляецца адным з самых актыўных ахвярадаўцаў у Elton John AIDS Foundation (СНІД-фонд Элтана Джона).

 

ПАТРАБУЕ РАЎНАПРАЎЯ ДЛЯ ЛГБТ

Не паказвайце гэтую частку тэксту Міністэрству культуры і міністру ўнутраных спраў, бо ёсць асцярогі, што канцэрт 30 seconds to Mars адменяць.

Уся справа ў тым, што Джарэд Лета актыўна падтрымлівае правы геяў, лесбіянак, бі і трансгендэраў.

На гэта моцна паўплываў яго ўдзел у фільме «Даласкі клуб пакупнікоў», дзе ён выступіў у ролі транссэксуала Рэйан, якая заразілася ВІЧ. Пераважная большасць кінакрытыкаў прызналі гэтую работу самай моцнай у кар’еры Лета. За стварэнне гэтага вобраза акцёр быў уганараваны прэміяй «Оскар» і іншымі узнагародамі, у тым ліку «Залатым глобусам».

Як ён распавядаў у інтэрв’ю часопісу WomanHit, падчас здымак акцёр і музыка спрабаваў максімальна прачуць свайго героя і нават часам хадзіў у краму ў жаночай вопратцы. У адзін з такіх паходаў Лета адчуў, наколькі негатыўна яго ўспрымаюць навакольныя:

– Я хацеў купіць сабе арэшкаў. Што я адчуў? Максімальную ўвагу, прыхаванае незадавальненне, абурэнне, публічнае асуджэнне адных ўперамешку з ціхім захапленнем іншых наведвальнікаў супермаркета. Гэта было страшна, цяжка і цудоўна адначасова. Менавіта тады я зразумеў, колькі сіл і адвагі патрабуецца людзям, якія адрозніваюцца ад большасці, каб жыць тым жыццём, якое яны выбіраюць, не прагнуцца пад прыгнётам грамадства і ісці сваім шляхам.

Пасля гэтай ролі Джарэд Лета стаў вельмі хваравіта ставіцца да слову «меньшасці», бо лічыць яго абразлівым і прыніжальным:

– Нават калі ты не ўяўляеш большую частку насельніцтва, ты не павінен адчуваць сябе на ўскраіне жыцця. Думаю, гэтае слова даўным-даўно трэба забараніць.

Пазней Лета неаднаразова казаў, што ЛГБТ павінны мець тыя ж правы, што і астатнія, але грамадства адмаўляецца іх прымаць з-за стэрэатыпаў.

***

Nizkiz выпаў унікальны шанец не толькі заявіць пра сябе на вялікую аўдыторыю, але і ўбачыць на свае вочы чалавека, які выкарыстоўвае сваю папулярнасць на карысць гуманістычных ідэй і каштоўнасцяў. Ох, як жа не хапае свайго Джарэда Лета Магілёву і Беларусі.