Паседжанне адбудзецца 8 ліпеня.
6 ліпеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі / photo – nash-dom.info
Суд Слаўгарадскага раёна прызначыў дату разгляду адміністрацыйнай справы аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў у дачыненні да актывісткі Анжалікі Калатазішвілі.
Пасяджэнне пачнецца 8 ліпеня ў 14:30. Па ліку яно будзе ўжо другім – першае прайшло 30 чэрвеня і заняло 5 хвілін, паколькі Калатазішвілі далі тыдзень на азнаямленне з матэрыяламі справы.
Ёй ставяць у віну размяшчэнне на сваёй старонцы ў «Аднакласніках» фільма блогера Сцяпана Святлова aka NEXTA «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы» у кастрычніку 2019 года. У снежні 2019 года гэты фільм быў унесены ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Рапарт на актывістку склалі ў УУС Магілёўскага аблвыканкама, пасля чаго накіравалі яго ў Слаўгарадскі РАУС. Упершыню супрацоўнікі міліцыі заявіліся дадому да Калатазішвілі для апытання 11 чэрвеня. Адразу пасля гэтага жанчына выдаліла відэа са сваёй старонкі.
Нягледзячы на гэта, райаддзел пачаў адміністрацыйны працэс у дачыненні да актывісткі па ч.2 ст.17.11 (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Пры паўторным візіце слаўгарадскія міліцыянты паспрабавалі выняць у Калатазішвілі ноўтбук, аднак у іх не было для гэтага адпаведнай санкцыі пракурора.
Варта адзначыць, што Анжаліка рэпостнула да сябе ролік «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы» да таго, як ён быў прызнаны экстрэмісцкім. Сваю віну актывістка не прызнае і мае намер даказаць сваю невінаватасць у судзе.
У Анжалікі Калатазішвілі вялікія праблемы са здароўем. У 2014 годзе яна атрымала інваліднасць праз памылку лекараў, якія доўгі час не маглі правільна дыягнаставаць яе захворванне і выдалілі ёй здаровыя органы. Пасля жанчына неаднаразова звярталася ў праваахоўныя органы і розныя інстанцыі з патрабаваннямі прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
Сутыкнуўшыся з бязмежжам, Калатазішвілі стала паслядоўна крытыкаваць мясцовыя і рэспубліканскія ўлады. Яна публікавала ў сваіх сацсетках інфармацыю аб праблемах у ЖКГ, міліцэйскіх памылках, паведамленні аб успышках COVID-19 у райцэнтры.
Міліцэйскі пераслед яна расцэньвае як спробу ціску за сваю грамадзянскую пазіцыю.