Дзейнасць фрылансераў Аліны Скрэбуновай і Яўгена Глушкова на БелСАТ суддзя Касцюк ацаніла ў 1960 рублёў.

29 траўня. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Ігар Лазоўскі


Суддзя Таццяна Касцюк вырашыла пакараць Скрэбунову 50 базавымі велічынямі штрафу, а Глушкова 30 велічынямі за супрацоўніцтва з тэлеканалам БелСАТ.

У віну абодвум ставілася стварэнне двух сюжэтаў. Першы з іх быў прысвечаны памылцы магілёўскіх уладаў, з-за якой выселілі жыхароў дамоў па вуліцах Будаўнікоў і Заслонава, другі – самагубству кіраўніка аграпрамкомплекса «Купалаўскае» Дзмітрыя Васілеўскага ў Шклоўскім раёне.

На думку КДБ, які ініцыяваў адміністрацыйныя справы, Глушкоў і Скрэбунова прынялі ўдзел у незаконным вырабе прадукцыі СМІ, чым парушылі закон.

Праваабаронцы і журналісты яшчэ да суда заявілі пра палітычны характар пераследу фрылансераў. Падчас працэсу фрылансеры заявілі адвод суддзі. На іх думку, Таццяна Касцюк не магла прыняць аб’ектыўнае рашэнне, паколькі ўжо штрафавала Скрэбунову па ідэнтычнай справе ў лістападзе 2017 года. Такім чынам, калі б яна стала на бок журналістаў, то незаконным было б яшчэ папярэдняе рашэнне.

Калі суддзя адмовілася задавальняць хадайніцтва аб сваім адводзе, гледачы і ўдзельнікі працэсу моўчкі пакінулі залу ў знак пратэсту супраць беззаконня ў судах.

Рашэнне аб штрафах будзе абскарджана ў абласным судзе.