Блогер Міхаіл Аршынскі апублікаваў на сваім Youtube-канале рэдкія кадры.
25 сакавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Дзень Волі – свята, якое штогод адзначаецца 25 сакавіка, у дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. На думку некаторых навукоўцаў, а таксама значнай часткі адукаванага насельніцтва, менавіта Беларуская Народная Рэспубліка стала першым нацыянальным дзяржаўным фарміраваннем на тэрыторыі нашай краіны. У 2020 годзе святкуецца 102-годдзе абвяшчэння незалежнасьці БНР.
У апошнія гады Дзень Волі ў Магілёве праходзіў камерна, без значных вулічных актыўнасцяў. У асноўным, гэта былі культурна-асветніцкія мерапрыемствы ў якім-небудзь памяшканні і экскурсія па значных мясцінах Магілёва, звязаных з дзейнасцю «айцоў БНР». У 2020 годзе ад любых публічных актыўнасцяў вырашылі адмовіцца праз эпідэмію каранавіруса.
Аператар і блогер Міхаіл Аршынскі выклаў відэарэпартаж пра тое, як Дзень Волі адзначаўся ў 2008 годзе. З відэа бачна, як магілёўскія дэмакраты правялі мірны сход на плошчы Славы каля абласного краязнаўчага музея імя Міхаіла Раманава. У гэтым будынку летам 1918 года Беларускі нацыянальны камітэт Магілёва прызнаў ўлады БНР.
На запісы таксама можна ўбачыць, як адрэагавала на мерапрыемства магілёўская міліцыя.