Праваабаронца і журналіст Аляксандр Буракоў быў вызвалены сёння з магілёўскага ІЧУ пасля 10-суткавага арышту.

Буракоў быў асуджаны да 10 сутак арышту за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу – акцыі пратэсту каля магілёўскага ІЧУ 6 траўня. Ён быў затрыманы 8 траўня ў г. Магілёве каля будынку суда Ленінскага раёну, а 12 траўня гэты ж суд (суддзя Палякова) вынес пастанову аб прыцягненні Буракова да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе адміністрацыйнага арышту на 10 сутак.

Адразу пасля выхаду на волю Аляксандр Буракоў распавёў пра свой арышт у інтэрвью тэлеканалу “Белсат”:

“Я сядзеў у адзіночцы ўвесь тэрмін і я бачыў, што калегі таксама сядзяць у адзіночках. То бок ніхто з “палітычных” там у спісе на абед было 35 чалавек,  чалавек былі здаецца, 5 іранцы – нейкія перамешчаныя асобы, чалавек пяць хуліганаў і па маім адчуванні чалавек 20-25 гэта былі палітычныя і збольшага ўсе яны знаходзіліся ў адзіночках.

У цэлым я хачу сказаць, што ІЧУ абсалютна сносны, такое ўражанне, што калі б вы паехалі цягніком у Навасібірск, там тыдзень ехаць, гэта прыблізна тое самае. Там даецца бялізна… У мне быў эксперымент – я тры дні жыў на “палажняку”, што называецца, і – галодным там ніхто не застанецца. Ёсць гарачая вада ў кране, санузел адмежаваны, з пакладзенай кафляй. Так што з пукту гледжання побытавага ніякіх праблемаў. Я нават думаю, што лепей даваць суткі да 3-5, таму што дзень на пяты ў цябе з’яўляецца такая думка, што вось ты ясі, спіш, ходзіш на прагулку і ў прынцыпе – нармальна (смяецца). За гэта вялікі дзякуй мінімальным стандартным правілам ААН у дачыненні да вязьняў і Барысу Леанідавічу Бухелю, які больш за 15 гадоў змагаўся за гэты ІЧУ.

Персанал “на сваім месцы”, абсалютова ўсё было роўна, без аніякіх “касякоў”.

Дзякуй за кампанію падтрымкі і салідарнасці, якая была разгорнута на волі! Хачу перадаць прывітанне Дар’і Рублеўскай, таму што з усіх паштовак ад яе была самаробная, яна напісала, што яна патрымала кветку бэзу над ёй, каб быў пах, і пах дайшоў, вялікі дзякуй!

Насамрэч ты нічога там ня ведаеш, газеты да мяне дайшлі толькі ўчора. Там ёсць нейкая бібліятэка, старыя кніжкі, якія можна чытаць – супрацоўнікі па першым патрабаванні даюць, тут ніякіх перашкодаў не было.

У тыя дні, калі ў Магілёве знік Ціханоўскі і ягоны кіроўца, я лічу, што магілёўскае аддзяленне “Вясны” на “выдатна” спрацавала, і мы будзем працягваць гэта рабіць. Калі людзі думаюць, што праз “суткі” яны зробяць так, што ніякага назірання не будзе – магу сказаць, што не, так не будзе.

Мне ўжо прыйшла папера з абласнога суда, што мая скарга лічыцца прынятай, але я мушу заплаціць дзяржпошліну. Насамрэч суд я выйграў. Калі мы возьмем мой перанос суда на наступны дзень, па вялікім рахунку, відавочна было, што суддзя ў разгубленасці. З матэрыялаў справы вынікала, што я проста невінаваты. І суд працуе да шасці гадзінаў, яна (суддзя) а пятай кажа – “ой, не мала часу” і сыходзіць, а рашэнне будзе заўтра. А назаўтра яна проста зачытала тое, што было гатова, і я думаю, што гэта, канечне, было распараджэнне з Менску”.

 

Журналіст Алесь Асіпцоў быў вызвалены а 12-48. Ён быў затрыманы 9 траўня ў Бабруйску, дзе асвятляў акцыю пратэсту. 12 траўня судом Кастрычнікага раёна Магілёва (суддзя Ясенка) асуджаны да 10 сутак арышту таксама па арт. 23.23 КаАП.

Алесь Асіпцоў усе дзесяць дзён на знак пратэсту трымаў галадоўку. У інтэрвью “Белсату” ён зазначыў:

“Сваёй галадоўкай я рабіў такое пасланне ініцыятарам майго затрымання, тым, хто нацкоўваў іх (міліцыю) на журналістаў, што з журналістамі абыходзіцца так, як абышліся са мною – нельга. І што журналісты здольныя на смелыя, радыкальныя дзеянні, каб абараніць свой чалавечы гонар і гонар прафесійны.

Я лічу, што мая галадоўка была плённай, наагул, ўсе галадоўкі – яны плённыя, бо яны сатрасаюць усю сістэму парушальнікаў правоў.”

 

Таксама сёння з магілёўскага ІЧУ былі вызваленыя бабруйскія актывісты Аляксандр Ермоленка, Юрый Салаўёў, Сяргей Аднамах і Дзмітрый Вальфсон.