Усё, як у любімых 2000-ых – з грубіянствам, вырываннем сумак ў жанчын і без якіх-небудзь пратаколаў ператрусу.
9 сакавіка. Бабруйск. Ігар Лазоўскі
9 сакавіка прыблізна 18:15 у бабруйскі офіс АГП ўвайшлі тры чалавекі ў міліцэйскай форме. Не назваўшыся і не паказаўшы ніякага ордэра на ператрус, яны пачалі брутальна прашарваць ўсё памяшканне. Кіраўнік гарадскога аддзялення АГП у Бабруйску Галіна Смірнова ў каментары для mspring.online паведаміла, што да гэтага часу знаходзіцца ў шоку ад таго, што адбылося:
-Увайшлі трое чалавек у міліцэйскай форме, не прадставіліся, ніякіх дакументаў і пасведчанняў не паказалі. Сказалі, што ім паступіў ананімны званок, нібыта хтосьці бачыў, як у офіс заносілі нейкія вялікія скрынкі і што ў іх ёсць усе падставы для ператрусу. Калі мае калегі запыталіся ў іх пра ордэр, яны заявілі, што нічога не абавязаны нам паказваць. Калі запыталі пасведчанне, яны груба адказалі, што нам дастаткова міліцэйскай формы, якая на іх, – распавяла палітык.
Па яе словах, прадстаўнікі ўлады паводзілі сябе бесцырымонна і нахабна. У выніку яны канфіскавалі 300 нумароў газеты “Новы час”, некалькі бюлетэняў АГП і прафсаюзу РЭП, а таксама іншую друкаваную прадукцыю.
-Калі я запатрабавала скласці пратакол выемкі, мне адмовілі. Ніякага пратаколу ператрусу таксама не было. Я бачыла толькі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, аднак што гэта за правапарушэнне, хто яго ўчыніў, сказана не было. І ў дачыненні да каго – таксама, – паведаміла Смірнова. – З сабой яны прывялі двух панятых. Аднаму мы патлумачылі, што робіцца беззаконне і ён адмовіўся прысутнічаць пры ператрусе, стаяў на вуліцы. Другі быў і ўсё бачыў.
Жанчына абураная тым, як міліцыя абыйшлася з яе калегай, мясцовай лідэркай хрысціянскіх дэмакратаў, былым кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Таісіяй Кабанчук:
-Падпалкоўнік, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі бабруйскага УУС Сяргей Рудзько ўбачыў, што ў Таісіі ў сумачцы нешта ляжыць. Ён пачаў вельмі груба, з сілай вырываць яе з рук і у выніку ўсё-такі змог адолець жанчыну.
Галіна Смірнова сказала, што звярнулася ў праваахоўныя органы, каб спыніць беззаконне, аднак гэта не дапамагло:
-Патэлефанавала ў міліцыю, сказала што нейкія людзі ў міліцэйскай форме без дакументаў і ордэра ладзяць разгром ў офісе. Там інфармацыю прынялі, а праз 5 хвілін ператэлефанавалі і сказалі, што гэта іх людзі і ўсё адбываецца законна.
Палітык мае намер скардзіцца ў пракуратуру і патрабаваць праверкі таго, што адбылося.
Тым часам у Інтэрнэце ўжо апублікавана відэа таго, што адбывалася ў офісе: