БРСМ на варце карантыну. Тыдзень таму арганізацыя называла панікай рэакцыю людзей на каранавірус

Пакуль улады афіцыйна не абвяшчаюць каранцін, дзяржаўнай моладзевай арганізацыі дадзена заданне ўтрымаць навучэнцаў дома.

1 красавіка. Магілёў. Саша Мінько


З 30 сакавіка арганізацыі БРСМ і піянерская БРПА абвясцілі конкурс «Клёвые вакацыі». У дзень старту канікул ва ўсіх групах ў сацсетках размешчаныя так званыя «чэк-лісты» з заданнямі. Прынцып: 7 дзён – 7 заданняў. А пераможцы рэспубліканскага анлайн-праекта абяцаюць каштоўны прыз. Галоўная задача конкурсу – прымусіць дзяцей заставацца дома пад любой падставай.

Каб атрымаць прыз, трэба штодня размяшчаць фотасправаздачу аб выкананым заданні (на кожны дзень тыдня яно распісваецца асобна) з адмысловым хэштэгам #клёвыяканікулы на сваёй старонцы ў сацсетцы або высылаць выкананыя заданні ў паведамленні групы. Галоўнае – заўсёды быць анлайн з хаты.

Да ініцыятывы далучыліся і сумежныя дзяржарганізацыі адукацыі. Напрыклад, магілёўскі Цэнтр творчасці «Эверэст» на кожны дзень падрыхтаваў анлайн-віктарыны і конкурсы. І таксама прапануе навучэнцам прызы. Прычым пачалі прывязку дзяцей да кампутараў яшчэ 26 сакавіка.

У арсенале БРСМ-аўцаў яшчэ і «сумесныя» кінапрагляды рэкамендаваных стужак на розных відэахостынгах. А пачалі першы дзень піянеры і экс-камсамольцы са складання плэйліста.

Трэба аддаць належнае куратарам, групы ў сацсетках абнаўляюцца некалькі разоў на дзень. І як вынік, у апошнія два дні колькасць прапанаванай музыкі ВКонтакте рэзка павялічылася. Выглядае гэта прыкладна так: цэлы дзень дзеці пералапачваюць кучу любімай музыкі, складаюць свае зборнікі, дзеляцца імі і абмяркоўваюць.

Відавочна, ўлады да вакацый рэзка змянілі сваю тактыку. Яшчэ тыдзень таму БРСМ актыўна праводзіў акцыю «Без панікі»:

«Сусветныя навіны распавядаюць пра ажыятаж у чэргах і пакупках у неверагодных колькасцях шэрагу прадметаў, хтосьці робіць з гэтага добры бізнэс, а хтосьці разумна ацэньвае сітуацыю і не паддаецца паніцы!», – гаварылася ў прэзентацыі.

6 красавіка пераможца конкурсу атрымае прыз. Што будзе далей – залежыць ад эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне.