Гісторыя пра тое, як з дапамогай міліцыянтаў 17-гадовы юнак за тры гады ператварыўся з навучэнца каледжа ў злоснага парушальніка рэжыму папраўчай калоніі і стаў адным з самых маладых вязняў магілёўскай крытай турмы №4.

4 верасня. Магілёў. Саша Мінько

Увага! Пры выкарыстанні або перадруку дадзенага матэрыялу ў іншых інтэрнэт-крыніцах, узгадка сайта MSPRING.ONLINE з гіперспасылкай на арыгінальны тэкст абавязковы ў першым абзацы!


Пра тое, што начальнік аддзела наркакантролю Ленінскага РАУС горада Магілёва Іван Пацёмкін быў асуджаны на 10 гадоў калоніі, стала вядома 28 жніўня з вуснаў генеральнага пракурора Аляксандра Канюка. Міліцыянт правакаваў грамадзян, уцягнутых у незаконны абарот наркотыкаў на іх набыццё і ўжыванне з мэтай наступнага затрымання і прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Магілёўскі часопіс аб правах чалавека MSPRING.ONLINE вырашыў даведацца як гэта адбывалася і хто станавіўся ахвярай. Для гэтага мы звязаліся са сваякамі асуджаных.

ПЕРЕДОЗ Ў КАЛЕДЖЫ

У Магілёве адной з першых ахвяр ўзмацнення жорсткасці антынаркатычнага заканадаўства стаў на той момант непаўнагадовы навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага каледжа машынабудавання Рыгор Караткевіч. Каледж размешчаны ў абласным цэнтры на вуліцы Пляханава (недалёка ад «Быхаўскага рынка»). Гэта як раз Ленінскі раён горада Магілёва, былая вотчына капітана Пацёмкіна.

У першыя дні лютага 2016 года ў каледжы здарыўся скандал. Аднаго з хлопцаў з-за перадазіроўкі наркотыкам – няўдала нешта пакурыў – забрала на насілках «хуткая дапамога». Дарэчы, ужыванне наркотыкаў у Беларусі не караецца, таму, забягаючы наперад, адразу растлумачым, што хлопец пасля перадозу практычна ніякай адказнасці не панёс.

Вядома ж, такая падзея не магло прайсці міма супрацоўнікаў наркакантролю Ленінскага РАУС. Каб не патрапіць пад каток абласнога аддзела адукацыі, дырэктар навучальнай установы вырашыў напісаць заяву задняй датай аб тым, што ў каледжы прадаюцца наркотыкі. Так у навучальных класах з’явіўся аператыўнік па прозвішчы Баліткін. Ён нават выняў нейкае рэчыва, якое ў справаздачы назваў “асабліва небяспечным”. Праўда, экспертыза пазней не выявіла на ўпакоўках ні адбіткаў пальцаў, ні слядоў ДНК, што вельмі дзіўна.

Адразу абмовімся, што ў каледжы машынабудавання вучацца, як правіла, не выдатнікі, і зразумела, што кантынгент там практычна на сто адсоткаў мужчынскі. Шмат тых, у каго ў сям’і здараюцца праблемы. Такая сітуацыя склалася і ў жыцці Рыгора Караткевіча.

КУРНУЦЬ, КАБ РАССЛАБІЦЦА

Бацькі хлопца прызнаюць, што для яго склалася цяжкая псіхаэмацыйная абстаноўка: шлюбаразводны працэс бацькоў наклаўся на цяжкую хваробу дзеда. І ў гэты момант адзін іх вучняў (пазней высветліцца, што гэта “лепшы сябар” таго хлопца, якога павезлі з передозам на “хуткай”) прапанаваў палячыць нервы порцыяй курыльнай сумесі. Было гэта роўна праз тры тыдні пасля першага наркаінцыдэнта – 24 лютага.

І тут нас чакае першая нечаканая акалічнасць – хлопцы не купілі ананімную закладку праз інтэрнэт, пра што мы прывыклі чытаць у навінах. Яны пайшлі да так званага “барыгі” – чалавека, які гандлюе зеллем па-старому.

Цікава, што асоба прадаўца была лёгка ўстаноўлена, але да пачатку суда, які пачаўся ў верасні і доўжыўся па лістапада 2016 года, стала вядома аб яго раптоўнай смерці. Пра гэта распавяла пракурор.

Рыгор Караткевіч на судзе прызнаў, што купіў дозу курыльнага наркотыку па прапанове “сябра” і выкурыў яе, што цягнула толькі на частку 1 артыкула 328 КК “Незаконнае без мэты збыту набыццё наркотыку”. Але віну па частцы 3 артыкула 328 “Незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту, учынены групай асоб” не прызнаў. А абвінавацілі яго менавіта ў гэтым.

Як аказалася, на “сябра” міліцыянты навесілі ўтоеную відэакамеру і ўсё фіксавалася на плёнку.

Тут варта зрабіць адступленне і вярнуцца да інцыдэнту з хлопцам, у якога здарыўся передоз. Сярод бацькоў гуляе версія, што вынас “хуткай дапамогай” на насілках выратаваў хлопца ад турмы. Бо лепшы сябар пацярпелага юнака і “сябар” Рыгора Караткевіча – гэта адна і тая ж асоба. Верагодна, і першы інцыдэнт фіксаваўся на камеру, але нешта пайшло не так – за передоз ніхто не пахваліць.

ВОСЕМ МЕСЯЦАЎ СІЗА БЕЗ ПРЫЗНАННЯ ВІНЫ

Але вернемся да Рыгора Караткевіча. Хлопца арыштавалі ва ўласным доме на вачах у хворага дзеда. Восем месяцаў 17-гадовы падлетак правёў у СІЗА без якіх-небудзь патуранняў на ўзрост. На судзе “сябар” фігураваў ужо ў якасці “залегендаванай сведкі”. Праўда, адбылася нестыкоўка, Рыгор адразу ж назваў яго прозвішча – Мамыка, і легенды не здарылася. Бацькі нават прынеслі ў суд скрыншоты з сацыяльных сетак, дзе залегендаваная асоба пазіцыянуе сябе, як гламурнага заўсёдніка начных клубаў і караоке-бараў.

А відэа паказвала не тое, што хацелася аператыўнікам, з-за чаго галоўным сведкам абвінавачвання стаў толькі супрацоўнік міліцыі Баліткін. Іншыя выкліканыя ў суд патэнцыйныя сьведкі блыталі не толькі месца правядзення кантрольнай закупкі, але і пару года, калі гэта адбывалася. Прадавец зелля, нагадаем, да таго моманту ўжо памёр.

Тым не менш, прысуд непаўналетняму хлопцу быў суровы – дзевяць з паловай гадоў калоніі па частцы 3 артыкула 328 КК. Менавіта за такі вынік міліцыянты наркакантролю атрымліваюць грашовую прэмію і, калі пашанцуе, нават новую “зорачку” на пагоны.

Рыгор Караткевіч быў этапаваны ў бабруйскую выхаваўчую калонію №2, дзе амаль тры месяцы правёў у ШІЗА. Ад хлопца патрабавалі аднаго – прызнаць віну. Калі юнак дасягнуў паўналецця, яго перавялі ў магілёўскую папраўчую калонію №15, але і там ціск не спыніўся. Ужо як злосны парушальнік рэжыму, ён адправіўся адтуль на крыты рэжым у турму №4 тэрмінам на тры гады.

Вось так імем Рэспублікі Беларусь 17-гадовы падлетак можа быць вартым “гонару” за тры гады прайсці шлях, які не пад сілу некаторым рэцыдывістам, вядучым крымінальны лад жыцця. Сваю віну па частцы 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рыгор Караткевіч прынцыпова не прызнае дагэтуль.

P.S.

На заканчэнне адзначым, што супрацоўнік наркакантролю Іван Пацёмкін, які сеў у турму, не адразу стаў начальнікам. Ад бацькоў іншага асуджанага нам стала вядома, што доўгі час ён працаваў звычайным аператыўнікам Ленінскага РАУС. І таксама выкарыстаў вышэй апісаныя метады “працы”. Па іх сведчанні, Іван Пацёмкін быў асуджаны па двух эпізодах: па частцы 3 артыкула 328 КК (гэта значыць, распаўсюджванне наркотыкаў) і за перавышэнне паўнамоцтваў.

Агульны тэрмін склаў 10 гадоў.

Пацёмкін ў 2013-м і 2014 гадах прызнаваўся лепшым па прафесіі. А ў 2015-м, калі пачалася бязлітасная барацьба з наркаманіяй (дэкрэт прэзідэнта №6 “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў” ўступіў у сілу) яго прызначылі спачатку старшым оперупаўнаважаным.

На пасадзе начальніка ён праслужыў толькі пару гадоў, пакуль не быў арыштаваны напачатку 2018 года. Бацькі асуджаных непаўналетніх звяртаюць увагу на тое, што свой тэрмін Іван Пацёмкін атрымаў амаль год таму – яго справа разглядалася ў Магілёўскім абласным судзе ў закрытым рэжыме і мае грыф сакрэтнасці. Улады даўно выдатна ведаюць пра правакацыі наркакантроля, але пакуль ахвяры гэтых правакацый застаюцца ў турме.

*У дадзены момант бацькі Рыгора Караткевіча спадзяюцца на перагляд справы іх сына, імя якога ўнесенае ў агульны спіс асуджаных непаўналетніх. Фота Рыгора Караткевіча не публікуецца па просьбе бацькоў.