Прапагандысты і сілавікі заяўляюць, што гэта – фэйк.
На пошту беларускіх дзяржустаноў у дадзены момант масава прыходзяць лісты аб наборы па кантракце для войска Расіі. Беларускія дзяржСМІ папярэджваюць аб “дзіўных фэйках” (на фота).
У Магілёве паблікі ў сацсетках, звязаныя з праўладнымі выданнямі, папярэджваюць аб спам-атацы на пошту дзяржаўных устаноў. Рассылка лістоў ажыццяўляецца з расійскага сэрвісу электроннай пошты нібыта ад імя адміністрацыі Мількаўскай муніцыпальнай акругі Камчацкага краю. У карэспандэнцыі за подпісам кіраўніка Мількаўскай муніцыпальнай акругі Сяпко Мікалая Уладзіміравіча гаворыцца аб наборы кандыдатаў для праходжання службы ў расійскай арміі па кантракце і ўдзелу ў так званай “СВА” (ваеннай агрэсіі РФ супраць Украіны) у рамках узаемадзеяння з Беларуссю.
У лісце гаворка ідзе аб адборы кандыдатаў у 40-ю асобную гвардзейскую Краснадара-Харбінскую брыгаду марской пяхоты, дыслакаваную на Камчатцы. НА дадзены момант яна ваюе на Данбасе.
Адрасатамі фэйкавых лістоў пазначаны «кіраўнікі муніцыпальных утварэнняў Рэспублікі Беларусь». Сяпко Мікалай Уладзіміравіч сапраўды з’яўляецца кіраўніком Мількаўскай муніцыпальнай акругі і нядаўна ён удзельнічаў у пахаванні чарговага загінулага ва Украіне марпеха.