Два тыдні на магілёўскай вуліцы зменяць каго заўгодна.
2 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі
Два тыдні таму выпускнікі школы актывізму “Цяпліца” Цэнтра гарадскіх ініцыятыў адкрылі першую ў горадзе публічную кніжную шафу. Яе мэта ў тым, каб палегчыць абмен літаратурай паміж людзьмі.
«Грамадская кніжная шафа – прыстасаванне для захоўвання патрыманых кніг ў грамадскіх месцах з мэтай прадастаўлення магчымасці ўсім жадаючым узяць адну або некалькі гэтых кніг у бязвыплатнае карыстанне або «абмяняць» на любыя іншыя кнігі па ўласным меркаванні»,- гаварылася ў прэс-рэлізе ЦГІ.
Праз два тыдні шафу ўжо нехта пашкодзіў – цяпер яна перакошана з-за зламанай падставы злева. З-за гэтага не могуць шчыльна зачыніцца створкі шафы. Акрамя гэтага, побач валяецца мноства недакуркаў, а ззаду была прыхавана пустая бутэлечка з-пад піва.
Паводле прэс-рэлізу (гл. загалоўнае фота), побач з шафай таксама павінен быць стол і белы акуратны стул. Але апошні адсутнічае – зараз там стаіць жоўты, пасядзець на якім можна, але, мяркуючы па стану, нядоўга.
З кнігамі ўнутры ўсё ў парадку. Там можна знайсці шмат твораў, але пераважная большасць – гэта любоўныя раманы. Зрэшты, сустракаецца і класіка – Набокаў, сачыненні Казьмы Пруткова, О’Генры.
Знайсці вулічную кніжную шафу можна глыбока ў двары каля д. 28а па вул. Ленінскай.