Андрэя Бодзілева абурыла, што кіраўніцтва завода заявіла аб шантажы з боку актывіста з мэтай «выплаты крымінальнай рэнты».
28 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Каардынатар ініцыятывы «За здаровы Магілёў» накіраваў у абласную пракуратуру і міліцыю заяву з патрабаваннем прыцягнуць кіраўніцтва заводу «Омск Карбон Магілёў» да крымінальнай адказнасці за паклёп на актывіста.
Бодзілеў распавёў, што ў афіцыйнай групе прадпрыемства “Укантакце” 23 жніўня з’явіўся артыкул «Завод «Омск Карбон Магілёў» шантажуюць, спрабуючы прымусіць выплачваць крымінальную рэнту?».
У ёй, як сцвярджае актывіст, кіраўніцтва завода хлусіць аб тым, што «невядомыя групы фінансуюць яго грамадзянскую пазіцыю».
– Акрамя дзейнасці ў «За здаровы Магілёў», я таксама з’яўляюся старшынёй дабрачыннай арганізацыі «Водгук», ўваходжу ў грамадскую назіральную камісію пры Упраўленні юстыцыі Магаблвыканкама. За сваю грамадскую дзейнасць я не атрымліваю ніякіх грошай. Паклёпніцкая інфармацыя, быццам я атрымліваю нейкія грошы, дыскрэдытуе мяне, – заявіў Бодзілеў.
Таксама ў артыкуле пазначана, што каардынатар «За здаровы Магілёў» сваімі дзеяннямі нібыта схіляе кіраўніцтва завода да «выплаты крымінальнай рэнты».
– Гэта поўная бязглуздзіца, – абурыўся актывіст.
Паводле яго слоў, «Омск Карбон Магілёў» пачаў інфармацыйную вайну супраць эколагаў.
– Кіраўніцтва завода праплачвае відэаролікі, артыкулы, у якіх спрабуе дыскрэдытаваць аднаго з каардынатараў ініцыятывы, паказваючы паклёпніцкую інфармацыю, у якой няма ніякага пацверджання. Пры гэтым яны ўмела абыходзяць бокам той факт, што маецца дакумент, які пацвярджае перавышэнне ПДК ў крыніцы выкіду на “Омск Карбон Магілёў” у лістападзе 2018 года, – заявіў Бодзілеў.
У сваіх скаргах Бодилев запатрабаваў распачаць крымінальную справу ў дачыненні да вінаватых асоб і прыцягнуць іх да адказнасці па ч.2 арт. 188 КК РБ.