Вось каму і мора па калена.
15 студзеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
У лістападзе 2018 года актывіст Аляксандр Хамратаў паскардзіўся ў абласное ўпраўленне ДАІ на буйныя дарожныя ямы на выездзе з завулка Мечнікава на вуліцу Крупскай (гэта недалёка ад палаца гімнастыкі). Паводле яго слоў, асфальт знаходзіцца ў жудасным стане ўжо больш за год. Асабліва шмат праблем ямы дастаўляюць у цёплую пару года.
– Больш за тое, людзей часта штрафавалі за аб’езд гэтых ям. Я напісаў зварот у ДАІ, каб там дапамаглі выправіць сітуацыю, бо яны ўпаўнаважаны караць балансатрымальнікаў дарог, – распавёў Хамратаў.
Начальнік упраўлення ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама Міхаіл Неўмяржыцкі ў адказ напісаў актывісту, што стан праезнай часткі ў пазначаным месцы адпавядае патрабаванням нарматыўна-тэхнічных актаў. Паводле яго слоў, гэта пацвердзіла праверка на месцы ў снежні 2018 года.
Неўмяржыцкі прапанаваў Хамратаву звярнуцца ў дарожна-маставое прадпрыемства, калі ён выявіў дэфекты асфальтавага палатна.
Актывіста такі адказ не задаволіў і ён вырашыў асабіста вымераць глыбіню ям, якія «адпавядаюць патрабаванням актаў»:
– Выдаўся час і я паглядзеў, ці ўсё так, як піша начальнік ДАІ. Аказалася, ён хлусіць. Там ямы глыбінёй у 10-13 сантыметраў і шырынёй у паўметра, – абурыўся Хамратов. Свае вымярэння ён зафіксаваў на фота.
Адказ начальніка ДАІ актывіст абскардзіў ва УУС Магілёўскага аблвыканкама.