Пра тое, што рабіць з «Вячэрні Магілёвам», як жывуць аднаполыя пары з дзіцем у Беларусі, ці можна жартаваць пра геяў і што рабіць тым, хто жыве ў маленькім горадзе і любіць людзей свайго полу – тут.

6 жніўня. Саша Райкан. Магілёў-Менск


Калі вы далёкія ад тэмы ЛГБТК-актывізму, то пра Вікторыю Біран вы, хутчэй за ўсё, даведаліся пару месяцаў таму. Гісторыя пачалася з таго, што 17 траўня ў Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй пасольства Вялікабрытаніі ў Мінску ўзняла вясёлкавы сцяг, каб падтрымаць ЛГБТК.

У адказ абразілася Міністэрства ўнутраных спраў. На сваім афіцыйным сайце сілавікі назвалі тое, што адбылося, «правакацыяй», і заявілі што аднаполыя адносіны – гэта падробка.

Паведаміць, што гэта не так, вырашылася Віка Біран. 24 траўня дзяўчына ў адзіночку выйшла да будынкаў Дома Урада, МУС і КДБ і сфатаграфавалася на іх фоне з плакатам «Самі вы падробка». Яна апублікавала фота на сваёй старонцы ў Фэйсбуку з подпісам:

«МУС кажа: «ЛГБТ-супольнасць, і ўся гэтая барацьба за «свае правы», і сам дзень супольнасці – усяго толькі падробка!». А я кажу: «Самі вы падробка! Ваша публічная гамафобія, вашыя мэты ўстойлівага развіцця, вашае сяброўства ў ААН, вашае выкананне правоў чалавека – гэта падробка».

Але і гэта яшчэ не ўсё – дзякуючы ёй партрэт міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча пабываў ужо на некалькіх ЛГБТК-прайду. Прычым калі спачатку яна сама прыносіла яго з сабой, то потым трэнд падхапілі актывісты з розных краін.

У Беларусі на Віку завялі адразу тры адміністрацыйныя справы – за кожную фатаграфію перад будынкамі. Прайшлі ўжо два суды. Дзяржава, якая лічыць яе падробкай, двойчы аштрафавала дзяўчыну на 15 базавых велічынь. Людзі сабралі грошы на першы штраф за некалькі гадзін пры дапамозе краўдфандынга.

– Хто ж такая Вікторыя Біран?

– Я нарадзілася ў Пінску, адкуль з’ехала ў Менск. Вучылася на журфаку, паралельна вучылася ў Беларускім калегіуме (адзін са найстарэйшых адукацыйных праектаў краіны – заўв. аўт). Там таксама вывучала журналістыку.

Падчас навучання пазнаёмілася з Мікалаем Халезіным, арт-дырэктарам Свабоднага тэатра. Ён распавёў мне пра гэты тэатр, і вось аднойчы я вырашыла туды паспрабавацца. У мяне атрымалася. Супрацоўнічала некалькі гадоў, гады паўтара таму я сышла адтуль.

Разам з працай у тэатры, у 2014 годзе разам з маімі калегамі мы запусцілі інтэрнэт-часопіс MAKEOUT.

– Навошта?

– Вырашылі ў першую чаргу зрабіць лепш сабе. Мы разумелі, што не хапае адэкватнай інфармацыі аб ЛГБТК-руху, не хапае ракурсаў, з якіх можна паглядзець на гэтае пытанне.

Нават журналісты нібыта незалежных СМІ транслююць пазіцыю так званай большасці.

Гэта значыць, яны гетэрасэксуальныя і карыстаюцца «класічнымі» азначэннямі. Мы вырашылі, што раз ніхто не кажа пра тое, як усё ёсць на самай справе, то гэта будзем рабіць мы.

– Што сёння адбываецца з ЛГБТК ў Беларусі? Усе дрэнна ці ўсё добра?

– Я не змагу гаварыць за ўсіх ЛГБТК-людзей, таму што ва ўсіх розны досвед. Хтосьці з бацькамі адкрыты, хтосьці закрыты, у кагосьці гэтых бацькоў няма наогул, у кагосьці гомасэксуальныя адносіны доўжацца ўжо сем гадоў і ўсе прызвычаіліся, нехта мяняе партнёраў кожныя паўгады, хтосьці без партнёра сядзіць ужо пяць гадоў. Агульнай карцінкі не атрымаецца. Адзінае, што ёсць дакладна – сістэмная дыскрымінацыя.

Як бы да цябе добра не ставіліся асобныя людзі, але як толькі яны займаюць пэўную пазіцыю, атрымліваюць статус, то можна ад іх пачуць, напрыклад, што яны цябе не возьмуць на працу.

Або праверкі «сітуацыі ў доме», у якім дзве мамы-лесбіянкі выхоўваюць дачку. Я думаю, што сітуацыя вельмі моцна адрозніваецца ў Менску і іншых гарадах Беларусі. У Менску ёсць некалькі арганізацый і ініцыятыў, якія праводзяць працу ў напрамку ЛГБТК. У абласных цэнтрах пастаянна дзеючай арганізацыі, якая б займалася пытаннямі парушэння правоў ЛГБТК, няма.

У MAKEOUT мы абмяркоўвалі, што рабіць. З аднаго боку, хочацца выязджаць з Менска, каб дапамагаць ЛГБТК ў рэгіёнах. З іншага, не хочацца апранаць гэтыя мінскія псеўдакароны і прыязджаць на дзве гадзіны, пасля чаго на злом галавы ляцець назад у цягніках да свайго дому.

Вырашылі ў выніку, што калі да нас паступае запыт ад чалавека, які хоча кансультацыю па якому-небудзь пытанню, то мы прыязджаем і размаўляем. Але спецыяльна сто-пяцьсот гарадоў аб’язджаць, каб выглядаць «прыгожа» у вачах іншых людзей, мы не хочам.

У Менску ёсць месцы, дзе можна патанчыць, пацешыцца ЛГБТК-людзям. Пра іх у Інтэрнэце проста так ты не даведаешся. Аднак калі ў цябе ёсць сувязь з супольнасцю, то ты будзеш прыкладна ведаць, што і як там будзе ісці. І ўсё роўна ты падумаеш дзесяць разоў, ісці туды ці не ісці, паколькі будзе вялікі шанец патрапіць на аблаву. Пры гэтым сілавікі даведаюцца твае дадзеныя, паглядзяць твой пашпарт, і калі ты чалавек закрыты, калі ты працуеш на дзяржпасадзе, то вялікая верагоднасць таго, што гэтыя дадзеныя патрапяць да людзей, якія тваё жыццё сапсуюць. Менавіта з гэтай прычыны людзі, якія пацярпелі падчас такіх аблаў, не звяртаюцца з гэтай праблемай да праваабаронцаў.

Яшчэ адна мая персанальная боль – на ЛГБТК-вечарынках гучыць вельмі шмат рускай папсы.

І гэта сумна, таму што культурных сувязяў з Расеяй магло б быць менш, бо існуе велізарны пласт сусветнай культуры, музычнай ў тым ліку. А імкнуцца да расійскай папсы, блін.

– Самы жорсткі выпадак расправы над ЛГБТК на памяці.

Я ведаю, што ў Беларусі ёсць дзяўчыны, адкрытыя лесбіянкі, якія знаходзяцца ў адносінах і разам гадуюць дзіцяці. Дзіця ў дзіцячым садзе не хавае, што ў яго дзве мамы. Да іх пастаянна з-за гэтага ходзяць праверкі. Мабыць, калі сям’я не складаецца з мужчыны і жанчыны, то ўсё – бяда. Верагодна, уяўляюць, што па ўсім доме развешаны кайданкі, бізуны, а дзяўчаты пастаянна займаюцца сэксам як трусы.

Або сітуацыя, калі ты прыязджаеш на праваабарончае мерапрыемства. Ты думаеш, што ўсе ведаюць пра базавыя правы чалавека. А потым ні з таго, ні з гэтага які-небудзь праваабаронца кажа на цябе нейкія непрыемныя гамафобные рэчы. Нібыта і на адной хвалі, а па факце – не.

Прычым у гэтых людзей ёсць аргумент, што тэма смяротнага пакарання ці палітвязняў важней, што яны стаяць у топе. А ёсць іншыя праблемы, якія як быццам бы не лічацца. Іх пастаянна адкладаюць на потым і гэта «потым» доўжыцца на маёй памяці столькі, колькі я бяру ўдзел у ЛГБТК-руху. Ад гэтага стамляешся.

З іншага боку, я рада, што ў праваабарончым поле ёсць арганізацыі і ініцыятывы, якія падтрымліваюць ЛГБТК. Тут магу ўспомніць «Вясну», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Human Constanta. Чым больш такіх ініцыятываў, тым мацней ты сябе адчуваеш – з табою не толькі ЛГБТК-актывісты, але і праваабаронцы, экалагічныя актывісты, феміністкі.

– Вы ўзгадалі двух дзяўчат, якія выхоўваюць дзіцяці. Наколькі рэальна гомасексуальнай пары ў Беларусі жыць як сям’я?

– Гэта рэальна. Але жыццё ператвараецца ў перманентную барацьбу. Нават зацяжарыць – гэта велізарная праблема. Калі мы гаворым пра пару лесбіянак, то ты не можаш займець дзіця ад мужчыны. Табе ставяць дыягназ «Бясплоддзе», хоць ты не бясплодная. Ты проста не хочаш спаць з мужчынам.

Па сутнасці, гэта ўсе спробы падмануць сістэму, ад якой ты моцна стамляешся нават на этапе планавання. Калі для цябе дзіця – гэта мэта нумар адзін, то ты прарвешся. Але следам ідзе яшчэ шэраг праблем.

Сям’я, якая складаецца з двух дзяўчат, будзе апрыёрна зарабляць у Беларусі менш, чым пара, у якой ёсць мужчына.

Калі адна дзяўчына цяжарная, то даход рэзка скарачаецца, хоць і да цяжарнасці ён быў і не такі ўжо і вялікі.

Потым пачынаюцца праблемы з імем па бацьку і тым, хто забірае з радзільні. Потым ёсць свая чароўная сям’я, якая пачынае пілаваць з-за незарэгістраваных адносін. Я калі думаю пра гэта ўсё, то разумею, што гэта люты кашмар. Я захапляюся людзьмі, якія нягледзячы ні на што ідуць да сваёй мэты. Я не ведаю, ці хапіла б мне сіл.

А пар, у якой двое мужчынаў жывуць з дзіцем,у мяне сярод знаёмых няма.

– Што рабіць, калі ты любіш чалавека свайго полу ў Беларусі, дзе шанцаў жыць разам і любіць легальна ў вас няма?

– Сям’я не роўная шлюбу ў дадзеным выпадку. Калі побач ёсць чалавек, якога ты любіш, з якім ты хочаш звязаць сваё жыццё, то ты будзеш жыць і так. Калі ж ты хочаш дакументальна ўсё аформіць, то можна назапасіць грошай і з’ехаць у Данію. Аднак такіх грошай, я думаю, ні ў каго няма. Вы проста застаецеся жыць тут. Разумееце, што штамп у пашпарце не вырашае, наколькі моцна вы любіце адзін аднаго.

У такіх выпадках трэба ствараць падтрымліваючае поле. Побач павінны быць людзі, якія разумеюць, што з табой усё ў парадку, не папракаюць цябе, падтрымліваюць. Толькі праз удзел такіх людзей, якія могуць падзяліць радасці і непрыемнасці, можна прарвацца, мне здаецца.

Я не магу сказаць, што можна назваць шчаслівым шлях, калі вы ўдваіх кудысьці схаваліся і ніхто нічога не ведае.

Прыходзіцца хлусіць сябрам, бацькам. Мне цяжка ўявіць, як так можна жыць.

– Пытанне з рубрыкі «Вячэрні Магілёў». Ці ёсць у Беларусі гей-лобі?

– А можаце расшыфраваць, што такое гей-лобі?

– Калі верыць «Вячорачцы», то гей-лобі – гэта нейкая структура ва ўладзе, якая ўкараняе культ ЛГБТК, робіць з дзяцей геяў, лесбіянак і трансгендэраў, знішчае інстытут сям’і і спараджае распусту.

– Як толькі хоць адзін чыноўнік або чыноўніца ад улады зробіць камін-аўт і заявіць, што ён ці яна належыць да ЛГБТК, як толькі хаця б адзін з палітыкаў праўладных ці апазіцыйных зробіць гэта, як толькі па тэліку мы ўбачым, як цалуюцца не толькі мужчына і жанчына, гэта будзе вельмі супер і я, напэўна, сама пайду працаваць у «Вячэрні Магілёў».

Але пакуль гэты момант не настаў. Гей-лобі – гэта фантазіі і мары.

– У свой час я працаваў у сферы культуры і я ведаю, што на высокіх пасадах сярод ўладаў былі гомасэксуалы. Ці няма тут дысанансу: ЛГБТК працуюць ва ўладзе, але пры гэтым на дзяржаўным узроўні насаджаецца гамафобія?

– Гэтыя людзі – мазахісты. Мне цяжка ўявіць, якой сілай волі трэба валодаць, каб сядзець у сваім працоўным крэсле і казаць пра прапаганду гей-каштоўнасцяў, а потым вяртацца дадому і дзяліцца гэтым са сваім партнёрам, які, магчыма, такіх жа перакананняў таварыш. І вось яны размаўляюць, абмяркоўваюць, можа адвячоркам глядзяць порна, а раніцай вяртаюцца на працоўныя месцы, распавядаючы пра«чужыя каштоўнасці».

Як можна функцыянаваць у такіх умовах? Сіле духу можна толькі пазайздросціць.

– Чаму менавіта МУС рэагуе на ЛГБТК настолькі востра?

– Мне самой цікава. Гэта не міністэрства інфармацыі, не міністэрства аховы здароўя і не міністэрства сацыяльнай абароны. Я не ведаю. Можа, вы можаце дапамагчы зрабіць пару здагадак?

– Магчыма, людзей масава збілі ЛГБТК ці ж гэта нейкая сублімацыя.

Ёсць меркаванне, што ёсць чалавек, у якога ёсць доступ да ўлады і ён хоча выдаць свае асабістыя, персанальныя эмоцыі і стаўленне ад імя ўсяго міністэрства.

– Чаму з плакатамі да будынкаў вы выйшлі адна?

– Нават адна ты значыш многае. Калі ў цябе з’яўляецца смеласць, каб выказаць сваю пазіцыю наконт усялякіх брыдкіх выказванняў міністраў – гэта ўжо вялікая сіла, якая можа падняць хвалю рэакцыі.

Людзі будуць абмяркоўваць праблему і для гэтага не трэба мець супербрэнд арганізацыі за сваёй спіной.

У цябе ёсць ты, твой досвед і твая злосць. Разам яны нараджаюць круты мікс.

І пра гэта я таксама хацела нагадаць самой сабе.

Калі ты зараз прамаўчыш, не адрэагуеш, ты проста выбухнеш. Гэта яшчэ крутая псіхатэрапеўтычная практыка- злосць павінна знаходзіць выхад. Тое, што я яшчэ і падтрымку атрымліваю – гэта крута.

– Аднак выглядае так, што ў ЛГБТК ёсць вялікія праблемы, якія трэба вырашаць, але замест масавых мітынгаў і пікетаў выходзіць адна Віка Біран. Гэта баязлівасць ЛГБТК-супольнасці або штосьці іншае?

– Не, гэта ўсяго толькі вынік той сістэмнай дыскрымінацыі, якая ў нас ёсць. Я знаходжуся ў больш прывілеяваным становішчы. Калі я выйду з плакатам, ад мяне не адвярнуцца бацькі, сябры, я змагу гаварыць з журналістамі. У мяне не будзе праблем на вучобе або на працы.

Нажаль, у такой выгоднай пазіцыі знаходзіцца невялікая колькасць людзей. Іншым пасля падобнага жэсту прыйдзецца радыкальна рэдагаваць сваё жыццё і марнаваць на гэта велізарную колькасць сіл і часу. Так што я не згодна з вашымі сцвярджэннямі.

ЛГБТК патрэбна падтрымка саюзнікаў з розных сфер. Тады мы зможам казаць пра дыскрымінацыю больш адкрыта – як пра пераслед журналістаў, палітзняволеных або палітыкаў.

Чаму, калі пераследуюць палітыка, ён можа адкрыць свой твар? Таму што ад гэтага ён нічога не страціць і нават наадварот – здабудзе. У ЛГБТК-людзей усё зусім інакш.

– Што б вы сказалі Шуневічу, калі б апынуліся перад ім?

– Я б сказала, што я падпісваю фатаграфіі і тэксты, якія публікую.

Чаму ж вы тады не падпісваеце тэксты, якія публікуеце на сайце МУС? У вас жа такі добры склад, метафары. Наогул на сайце МУС можна было б зрабіць калонкі і блогі, у якіх супрацоўнікі міліцыі выказвалі б сваё меркаванне. Бо пасля матэрыялу пра ЛГБТК наведвальнасць сайта ўзрасла. Чаго ж губляць-та папулярнасць?

– Што рабіць з “Вячэрнім Магілёвам”, які гамафобную рыторыку зрабіў часткай сваёй рэдакцыйнай палітыкі?

– Складанае пытанне. З аднаго боку, не звяртаць увагі на такое лайно і цалкам ігнараваць нельга.

З іншага боку, чым больш ты звяртаеш увагу на іх тэксты, тым больш падымаеш рэйтынг “Вячэрнему Магілёву”. Нажаль, этычныя нормы ніякага ўплыву не маюць.

Чым трэба займацца, дык гэта выкарыстоўваць сатыру і гумар, як робіць гэта кампанія «Справа ПІ». Яшчэ цікава было б, калі ў медыйным полі будуць з’яўляцца тэксты іншага роду, больш грунтоўныя. Калі будзе, з чым параўноўваць – тады і да “Вячоркі” будзе менш цікавасці ў чытачоў.

– Раз пачалі пра гумар. Ці можна жартаваць пра геяў, лесбіянак і транссэксуалаў, калі сам да іх добра ставішся?

– Вядома. Калі разумець, з якімі людзьмі і ў якім кантэксце ты жартуеш, то можна жартаваць пра ўсё на свеце.

У мяне ёсць група сяброў, побач з якімі я магу жартаваць пра такія рэчы, што вушы сохнуць.

Але ў інтэрв’ю ці публічных выступах жартаваць так не буду.

Калі жарт распавядаецца толькі для таго, каб яшчэ больш пагоршыць імідж нейкай групы, то гэта дрэнны жарт. Я не магу глядзець з гэтай прычыны «Камедзі-клаб» – там 80% жартаў сэксісцкія.

Пры гэтым у мяне адзін з самых любімых фільмаў – «Бруна» Сашы Барона Коэна. Гэта вельмі стэрэатыпны фільм пра маладога гея. Але для мяне, як і многіх ЛГБТК-сяброў, ён з’яўляецца падтрымліваючым.

Так што жартаваць можна і трэба. Толькі неабходна выдаткаваць час і трохі мазгоў на гэты гумар.

– Што рабіць чалавеку, які жыве ў абласным ці раённым цэнтры, калі ён усвядоміў сваю сэксуальнасць як ЛГБТК, але пры гэтым баіцца адкрыцца блізкім?

– У першую чаргу не трэба шмат ад сябе патрабаваць. Нават калі ты разумееш, што зрабіць камін-аўт – гэта неабходна, не варта рабіць гэта адразу ж заўтра.

Мне здаецца, важна не заставацца са сваімі перажываннямі сам-насам. Трэба шукаць людзей, якія цябе падтрымаюць. У гэтым вельмі дапамагае Інтэрнэт – ёсць спецыялізаваныя сайты, можна трапіць на спецыяльныя мерапрыемствы. Можна чытаць камін-аўт гісторыі іншых людзей і выкарыстоўваць іх вопыт сабе на карысць.

З іншага боку, будзе выдатна, калі гэтае кола падтрымкі пяройдзе з анлайну ў рэальнае жыццё.

Вядома, зараз я кажу пра крыху ідэалізаваныя умовы. Але ў той жа час было б нядрэнна, калі б чалавек пачаў ладзіць тэматычныя мерапрыемствы ў сваім горадзе, каб знайсці сабе аднадумцаў.

Але галоўнае – не патрабаваць ад сябе шмат.