25 ліпеня. Магілёў. Этнахутар «Зялёны гай». Алесь Святліцкі
Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі» 25 ліпеня сабрала каля дваццаці магілёўцаў, якія вырашылі ў разгар лета абмеркаваць, як жа павінен праходзіць нацыянальны адпачынак. Прадметам абмеркавання стаў аграэкатурызм. На дыскусію запрасілі ўладальніцу аграсядзібы, старшыню абласнога савета па развіцці аграэкатурызму Сяргея Кулягіна і даследчыка беларускай культуры Міхаіла Анемпадыстава.
Па словах каардынатара «Будзьмы» па Магілёўскай вобласці Марыі Шарый, беларусы часта дзейнічаюць раз’яднана, а для пераадолення праблем трэба аб’ядноўвацца.
– Наша сённяшні размова павінна стаць штуршком да аб’яднання намаганняў. Наколькі я магу судзіць, у Магілёўскай вобласці беларуская мова і культура не знаходзяць такога распаўсюджвання, як у Брэсцкім або Гарадзенскім рэгіёне. Аграэкатурызм – непасрэдны прыклад беларускай культуры і сёння мы паспрабуем высветліць, што значыць адпачываць па-беларуску.
Сяргей Кулягін распавёў пра аграсядзібы ў Магілёўскай вобласці, якіх, паводле яго слоў, не так шмат, але якія аказваюць якасныя паслугі:
– Зараз у нас ёсць 187 аграсядзібаў. Раней іх было больш за 200, таму што былі дзяржаўныя планы, на гэта накіроўваліся намаганні. Для рэгістрацыі трэба толькі выплаціць адну базавую велічыню, і ўмоўныя старшыні выканкамаў гатовыя былі выплаціць са сваіх сродкаў, каб на паперы мець у сваёй мясцовасці аграсядзібу і даць справаздачу за яе.
Сярод лепшых раёнаў з аграсядзібамі Кулягін назваў Быхаўскі, Асіповіцкі і Магілёўскі.
Святлана Маханькова, якая ўтрымлівае адну з такіх зон адпачынку недалёка ад Магілёва, заявіла, што адным нацыянальным каларытам турыстаў не прывабіць:
– Ім трэба разнастайнасць, ім патрэбныя мерапрыемствы, ім патрэбныя забавы. Добра, калі побач ёсць некалькі аграсядзібаў з рознымі падыходамі, каб турысты маглі паспрабаваць рознае.
Яна адзначыла, што ў апошні час стала шмат кітайскіх дэлегацый, якія спачатку наведваюць рэгіён па дзелавых пытаннях, а потым вяртаюцца ўжо непасрэдна на адпачынак. Пры гэтым не ўсе зацікаўленыя менавіта ў беларускім нацыянальным каларыце.
Дызайнер і даследчык Міхаіл Анемпадыстаў выказаў меркаванне, што добра, калі аграэкасядзібы маюць стыль, але вельмі дрэнна, калі яны выразна паказваюць яго адсутнасць. Паводле яго слоў, беларусы маюць вельмі багатую спадчыну, якім не ўмеюць карыстацца.
– Трэба ствараць свой беларускі стыль, як зрабілі гэта палякі і літоўцы. Замест гэтага ў нас вельмі шмат эклектычнага, што мы выдаем за нацыянальнае, але гэта з’яўляецца толькі капіяваннем нейкіх элементаў іншай культуры. Не трэба думаць, што нашы аграсядзібы вельмі патрэбныя замежнікам. Беларусь для Еўропы – невядомая краіна з негатыўнай рэпутацыяй. Замежнікі трапляюць да нас пры дапамозе кантактаў або сувязяў, – сказаў Анемпадыстаў.
Асаблівую ўвагу ён надаў моўнаму пытанню. Нягледзячы на дэманстрацыю прадметаў побыту, мова тытульнай нацыі выкарыстоўваецца ў аграэкатурызме ў асноўным намінальна.
У адказ на гэта старшыня абласнога савета па развіцці сферы Сяргей Кулягін паскардзіўся на нязручнасць выкарыстання беларускай мовы пры вядзенні бізнесу. Анемпадыстаў заўважыў, што Кулягін ўзначальвае грамадскую арганізацыю і цалкам мог бы ініцыяваць змены, з чым пагадзілася аўдыторыя.
У канцы абмеркавання арганізатары і эксперты паабяцалі перадаць прапановы, якія прагучалі, уладам.