Намеснік галоўнага рэдактара «СБ» Іван Сінічкін паведаміў праваабаронцы Аляксандру Буракову, што людзям спадабалася гэтая публікацыя.
4 сакавіка. Мінск-Магілёў. Алесь Святліцкі. На здымку – кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына.
19 лютага ў афіцыйнай групе Вконтакте газеты «Беларусь Сегодня» адміністратар апублікаваў мем: больш свабоды жанчыне можна даць, калі павялічыць плошчу кухні.
Пост зрэзанаваў – у каментарах з’явіліся людзі, якія разумна пыталіся, як цэнтральнае выданне краіны можа сабе такое дазваляць. Магілёўскі блогер Дзяніс Васількоў у сваім камэнтары параіў паказаць гэты мем супрацоўніцам газеты:
– Вы гэта сваім журналісткам, рэдактарам жанчынам пакажыце. І спытаеце, як ім пасля такога працуецца ў газеце. Максімальна гідка, хлопцы. Думаў, што дно ўжо прабіта даўно, але вы можаце зваліцца яшчэ глыбей, – яго словы на сёння сабралі 47 лайкаў, і гэта пры тым, што пад пастамі самай групы рэдка збіраецца больш 20.
Праваабаронца Аляксандр Буракоў вырашыў высветліць, чаму падобнае з’яўляецца ў афіцыйным акаўнце СМІ і накіраваў запыт у рэдакцыю:
– Я папрасіў кіраўніцтва «СБ» ацаніць дадзены пост і расказаць, ці лічаць яны, што свабода такіх жанчын, як Ірына Акуловіч (дырэктар БелТА), Лідзія Ярмошына (старшыня ЦВК) таксама залежыць ад памераў іх кухні.
Адказаў Буракову намеснік галоўнага рэдактара Іван Сінічкін.
– У такім выглядзе ў сацыяльных сетках публікуецца кантэнт гумарыстычнага зместу. Дадзены кантэнт не з’яўляецца інфармацыйным паведамленнем, у публікацыі не выкарыстоўваецца мова варожасці, публікацыя не заклікае да таго, каб чые-небудзь правы ўшчамляліся або каб да якой-небудзь сацыяльнай групе ставіліся дрэнна. Дадзеная публікацыя не нясе ў сабе негатыўнага пасылу, не сцьвярджае нічые ролі і не выключае ні для каго творчыя, прафесійныя ці іншыя свабоды, – адказаў намесніка рэдактара.
Таксама Сінічкін пахваліўся, што «публікацыя выклікала бурны водгук у сацыяльных сетках», а таксама заявіў, што «большасць з ацаніўшых публікацыю станоўча – жанчыны».
Пытанне пра тое, ці залежыць свабода такіх дам, як Акуловіч і Ярмошына, ад памеру кухні, у рэдакцыі вырашылі праігнараваць.