З 1 жніўня пачнуць дзейнічаць новыя стандарты безбар’ернага асяроддзя. Ці гатовы Магілёў?

Праз тыдзень пад’ёмныя механізмы і тэхсродкі сацыяльнай рэабілітацыі для перамяшчэння людзей з інваліднасцю павінны быць уладкаваныя па-новаму. Валанцёры магілёўскай «Вясны» вырашылі высветліць, ці не стане гэтая навіна шокам для магілёўскіх уладаў.

24 ліпеня. Магілёў. Саша Мінько


Новыя стандарты – гэта вынік рэалізацыі праграмы «Безбар’ернае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб». З 1 жніўня СТБ ISO цэлага шэрагу тэхнічных прыстасаванняў і машын будуць істотна зменены. Напрыклад, новы стандарт цяпер будзе ў грамадскіх прыбіральняў. Іх і вырашылі, як самы просты варыянт, праінспектаваць валанцёры. І вядома, пункт нумар адзін тут – парк Горкага.

Нажаль, для людзей з інваліднасцю тут усё без варыянтаў. Спачатку трэба адужаць вось такі спуск, які і спартсменаў не вельмі-та бяспечны – занадта круты. Хоць, справядлівасці дзеля, адзначым, тут зроблены добры рамонт і зусім няма традыцыйнай смуроду.

Але нават калі нейкім чынам чалавек з дадатковымі патрэбамі (не абавязкова інвалід) сыдзе сюды па сходах, ён трапляе ў пастку. Памяшканне занадта цеснае і няёмкае. А, заўважым, у новым стандарце для пажылых грамадзян і людзей з інваліднасцю пры карыстанні грамадскімі туалетамі прадугледжаны нават спецыяльныя форма, колер і размяшчэнне кнопак змыву і выкліку.

Само слова «кнопка» для гэтага савецкага сантэхнічнага прыстасавання здаецца выдумкай фантастаў. Тры вузкія кабінкі ўладкаваныя так, што наўрад ці трое мужчын змогуць карыстацца імі адначасова. Нават дваім тут няма дзе размінуцца. Відавочна, стандарты выконвацца не будуць, пакуль туалет глабальна не перабудуюць.

Далей валанцёры вырашылі адправіцца на вакзал. Новыя стандарты ўведзеныя нават для чыгуначных платформаў, пешаходных пераходаў, лесвіц. Шмат жадаць не прыходзіцца. Хто карыстаўся вакзальных санвузлом, той разумее, што, як і ў парку Горкага, новыя стандарты там магчымыя толькі ў выпадку яго капітальнага выкопвання і будаўніцтва наноў. Самы лепшы элемент гэтага грамадскага месца – яго шыльда.

Але тут нас чакала першае прыемнае здзіўленне. Падобна на тое, што беларуская чыгунка апынулася адзінай, хто рэальна гатовы выконваць новыя стандарты. Людзей з інваліднасцю просяць наведаць будынак вакзала.

Як высветлілася, для іх зроблены рамонт з рэканструкцыяй у санітарным вузле работнікаў вакзала. Знаходзіцца ён у непрыкметным куточку побач з медыцынскай службай, якая дзяжурыць кругласуткава.

Трэба аддаць належнае, да гэтага месца вядуць добра прыкметныя шыльды, якіх дастаткова шмат. Адкрые дзверы работнік медпункта без праблем. Дарэчы, людзі сталага веку таксама маюць права карыстацца гэтай паслугай.

Новыя стандарты арыентаваныя і на невідушчых людзей. Для іх загадана зручна размяшчаць спецыяльныя элементы – тактыльныя указальнікі. Напрыклад, новыя магілёўскія ліфты, якімі замяняюць састарэлую падобную тэхніку, ужо ўсталёўваюць з тактыльнымі кнопкамі.

Таксама новыя стандарты датычацца перавозкі грамадзян у крэслах-калясках, ўводзіцца дадатковае патрабаванне па іх мацаванню ў выпадку аварыйнай сітуацыі. Дадатковыя патрабаванні ўстаноўлены і для саміх асістыўных прылад – калыскі, пратэзы, кійкі і нават артапедычныя прыстасаванні для хадзьбы павінны стаць не горш, чым у развітых краінах Заходняй Еўропы. Праўда, пакуль не зразумела, што рабіць, калі гэтыя стандарты не будуць выконвацца.