У Гомелі не могуць акрыяць ад выбараў – аўтапрабегі пастаўлены на паток, арганізатары не могуць іх падзяліць.

Спачатку напярэдадні выбараў, 25 студзеня (субота), свой аўтапрабег аб’явіла гарадская арганізацыя Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі (ЛДПБ). Але, каб яна не аказалася малалікай (ад ЛДПБ было ўсяго паўдзясятка машын), падтрымаць яе прымусілі ідэолагаў з дзяржаўнай Федэрацыі прафсаюзаў, БелЧыгункі, актывістаў партыі “Белая Русь”, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, ГА “Патрыёты Беларусі”.

ЛДПБ сваіх “сяброў і калегаў” назвалі “удзельнікамі ад грамадскіх аб’яднанняў”. Акцыя была падкрэслена нібыта партыйнай.

А 28 студзеня ўжо гарадская арганізацыя “Патрыётаў Беларусі” правяла свой асобны аўтапрабег пад лозунгам “Наш прэзідэнт. Наша перамога”, як заяўлена, “з мэтай віншавання А.Г.Лукашэнкі”.

На гэты раз у акцыі абавязалі ўдзельнічаць прадстаўнікоў прадпрыемстваў – “Гомсельмаш”, Гомельскае аддзяленне БелЧыгункі, Гомельскі домабудаўнічы камбінат, завод “Цэнтраліт”. Усе гэтыя прадпрыемствы публікуюць фота з акцыі на сваіх афіцыйных старонках. Практычна ўсе яны знаходзяцца ў дамоўных адносінах з “Рускім домам у Гомелі”, які таксама прыняў удзел у акцыі. Самі аўтапрабегі аказаліся дастаткова сціплымі – у іх удзельнічала каля пяцідзесяці чалавек.