Чыноўнікі абвінавацілі праваабаронцу Барыса Бухеля і пацярпелых ад адміністрацыйных рэпрэсій людзей у тым, што яны злоўжываюць правам на абарону ў міжнароднай інстанцыі.

6 ліпеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Дырэктар Аддзела па дамовах Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН Ібрагім Салама накіраваў магілёўскаму праваабаронцу Барысу Бухелю заўвагі беларускіх уладаў па кейсам Алены Кісель і Аляксандра Каранкевіча.

І Кісель, і Каранкевіч сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій у сакавіку 2017 года пасля ўдзелу ў акцыях пратэсту. Студэнтку Алену Кісель суд Ленінскага раёна аштрафаваў на 345 рублёў за ўдзел у магілёўскім «Маршы недармаедаў» 15 сакавіка. Акрамя гэтага, дзяўчыну адлічылі з ВНУ за тры месяцы да дзяржэкзамэнаў. Аляксандр Каранкевіч атрымаў такі ж штраф пасьля затрыманьня на святкаванні Дня Волі ў Менску 25 сакавіка.

Праваабаронца Барыс Бухель дапамог ім і яшчэ чатыром ахвярам палітычных рэпрэсій падрыхтаваць скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН у снежні 2017 года. У сваіх зваротах магілёўцы заявілі аб парушэнні іх права на свабоду мірных сходаў, якое гарантуюць Канстытуцыя РБ і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Беларускія ўлады не сталі апраўдвацца за свае рашэнні па факце. У кароткіх паведамленнях для КПЧ ААН яны заявілі, што магілёўцы не выкарысталі ўсе механізмы для абароны сваіх правоў на нацыянальным узроўні:

«Трэба адзначыць, што Кісель А.П. магла падаць скаргу на пастанову старшыні Магілёўскага абласнога суда, а таксама старшыні Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, што ёю зроблена не было. У органы пракуратуры Кісель А.П. са скаргамі на судовыя пастановы таксама не звярталася, у сувязі з чым іх законнасць не правяралася і не даследавалася», – адзначыў у лісце прадстаўнік пастаяннай місіі Рэспублікі Беларусь пры офісе ААН у Жэневе.

Ідэнтычную заўвагу пераслалі і Аляксандру Каранкевічу.

На думку беларускіх дыпламатаў, абедзве скаргі магілёўцаў трэба прызнаць непрымальнымі. У сваіх заўвагах яны абвінавацілі Алену Кісель і Барыса Бухеля (як прадстаўніка Каранкевіча) у тым, што яны злоўжылі правам на зварот у КПЧ ААН.

Праваабаронца сцвярджае, што гэта звычайная практыка: паколькі беларускія ўлады відавочна парушаюць базавыя правы чалавека, у іх няма іншага выйсця, акрамя як патрабаваць адмены разгляду скаргаў па фармальных падставах. Нягледзячы на гэта, Барыс Бухель упэўнены, што Камітэт па правах чалавека ААН стане на бок Кісель, Каранкевіча і іншых магілёўцаў:

У справе №1750/2008 Судаленка супраць Беларусі і ў справе № 1784/2008 Шумілін супраць Беларусі КПЧ ААН пазначыў, што перагляд судовых рашэнняў, якія ўступілі у законную сілу, у межах нагляднай працэдуры не складае сродак прававой абароны, – распавёў праваабаронца.