У Магілёве суд прызнаў былога палітвязня невінаватым у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Магілёў, Саша Райкан


Згодна з пратаколам аб адміністрацыйным парушэнні, мужчына 26 лістапада 2020 года захаваў у сябе ў Viber ва ўкладцы “Мае нататкі” спасылку на матэрыял спартыўнага сайта Tribuna, які быў уключаны ў “спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў” 25 жніўня 2021 года. Паколькі на момант затрымання 22 лютага 2024 года магілёвец не выдаліў спасылку з нататак, Ленінскі РУУС завёў адміністрацыйную справу.

23 лютага ў судзе Ленінскага раёну адбыўся судовы працэс. Суддзя Наталля Панасенка, заслухаўшы бакі, пастанавіла, што мясцовы жыхар невінаваты:

«Не прадстаўлена доказаў, якія пацвярджаюць, што вышэйназваную інфармацыйную прадукцыю Б. захоўваў у катэгорыі «Мае нататкі» з мэтай распаўсюджвання», – пазначана ў рашэнні ў Банку судовых пастаноў.

Па інфармацыі MSPRING.MEDIA, чалавекам, якога міліцыя спрабаваў падвесці пад адміністрацыйную адказнасць, быў былы палітвязень Павел Белагалоў.

Нагадаем, Павел Белагалоў 29 верасня 2021 года быў затрыманы па так званай «справе Зельцэра». 25 жніўня 2022 года суд Дрыбінскага раёна прызнаў яго вінаватым у “абразе прадстаўніка ўлады” (арт. 369 Крымінальнага кодэкса) і “дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь” (арт. 369-1) і прыгаварыў да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі. Ён цалкам адбыў свой тэрмін і выйшаў на волю, паводле падлікаў праваабаронцаў, 10 кастрычніка 2023 года.