Суддзя праігнаравала амаль гадзіннае выступ палітыка і вынесла рашэнне за пяць хвілін.

18 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі


У Магілёўскім абласным судзе суддзя Алена Картавенка пакінула ў сіле рашэнне суда Ленінскага раёна, па якім члену БСДП (Грамада) Дзмітрыю Люнтову далі 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у Маршы нетунеядцев 15 сакавіка. Суддзя праігнаравала довады палітыка пра тое, што свабода масавых сходаў гарантуецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і што менавіта Канстытуцыя з’яўляецца галоўным законам краіны.

– У масавым мерапрыемстве прымаў удзел дэпутат Ігар Марзалюк. Хачу адзначыць, што да адміністрацыйнай адказнасці яго не прыцягвалі, таму што міліцыя не выявіла складу правапарушэння ў ягоных дзеяннях. У той жа час у маіх дзеяннях гэта выявілі. Атрымліваюцца нейкія падвойныя стандарты. Я не хачу, каб Марзалюка прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. Я хачу, каб былі адменены рашэнні ў дачыненні да іншых удзельнікаў акцыі, якім далі суткі і штрафы. 15 сакавіка быў Дзень Канстытуцыі. Парушаць канстытуцыйнае права ў дзень, калі адзначаецца гэтае свята – гэта блюзнерства.

Дзмітрый Люнтаў спаслаўся на Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і папярэдзіў суддзю аб адказнасці за неправасудныя рашэнні. Усяго выступ заняў каля гадзіны. Суддзя Алена Картавенка праз пяць хвілін перапынку паведаміла пра тое, што пакінула рашэнне Ленінскага суду ў сіле. Люнтаў прасіў яе растлумачыць матывы, аднак суддзя хутка пакінула залу суда, не паведаміўшы нават пра тэрміны і спосабе абскарджання яе вэрдыкту.

Суддзі не гатовыя да правамерных рашэнняў. Праваахоўныя органы і суды пакрываюць адзін аднаго. Рашэнне буду абскарджваць, думаю, дойдзем да Вярхоўнага суда. Але ў мяне няма ілюзіяў, што мае довады будуць пачуты і ўспрыняты гэтай судовай сістэмай. Але ж у мяне ёсць правы і я ў любым выпадку буду іх адстойваць, – пракаментаваў рашэнне палітык.

За працэсам над Люнтавым назіралі двое людзей у строях, якія заявіліся ў сярэдзіне суда і селі за стол удзельнікаў працэсу. Прадставіцца яны адмовіліся. Пазней з’явілася інфармацыя пра тое, што гэта прадстаўнікі раённых судоў, якія праходзяць практыку на абласному узроўні.