Будзе яшчэ больш ідэалагічнай напампоўкі.

Інструктыўна-метадычны ліст “Асаблівасці арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў установах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2024/2025 годзе” за подпісам міністра адукацыі Андрэя Іванца (на фота) разасланы па школах.

Ліст утрымлівае цыклаграму для работнікаў устаноў адукацыі, якая прасвятляе планы ўладаў.

На люты ў цыклаграме запланаваныя тэматычныя сустрэчы кіраўніцтва з калектывам работнікаў на тэму “Час выбраў нас! па падрыхтоўцы выбарчай кампаніі” (арфаграфія захаваная). Хоць дата прэзідэнцкіх выбараў афіцыйна не прызначана, школы рыхтуюцца да кампаніі ў лютым 2025 года.

Перад гэтым, у снежні, у графіку стаіць Адзіны дзень інфармавання на тэму “Выбарчая сістэма Рэспублікі Беларусь”. А ў студзені пройдуць тэматычныя сустрэчы кіраўніцтва з калектывам работнікаў пад інтрыгуючай назвай “Новы год – Новыя задачы”. Пасля лютага графік работы настаўнікаў больш не ўтрымлівае выбарчай тэматыкі.

У астатнім дакумент прадпісвае актыўна напампоўваць дзяцей ідэалогіяй па шаблоне мінулага года, але з пэўнымі зменамі. Так, павышаная ўвага будзе нададзена сцягавым групам, склад якіх будзе старанна падбірацца і якія атрымаюць куратара з ліку настаўнікаў. Будуць арганізаваны цырымоніі ўнясення дзяржаўнага сцяга ў спецыяльных памяшканнях з высокімі столямі, а сцягавыя групы будуць забяспечаны параднай вайсковай формай.

Акрамя таго, школы і вучылішчы абавязаны ўзмацніць работу па прафілактыцы ўдзелу навучэнцаў у забароненых фармаваннях, узмацніўшы ўзаемадзеянне з органамі, “што з’яўляюцца суб’ектамі супрацьдзеяння экстрэмізму”. У межах гэтай працы навучэнцам 10-11 класаў зноў пакажуць фільм АНТ “Забойная пасылка”, а настаўнікі правядуць яго абмеркаванне.

Інфармацыйныя гадзіны па “вывучэнні пытанняў генацыду беларускага народа” стануць штомесячнымі для ўсіх узростаў – з выкарыстаннем навучальнага дапаможніка “Генацыд беларускага народа ў гады ВАВ”, падрыхтаванага пракурорам Валерыем Талкачовым у 2023 годзе.

Яшчэ адно новаўвядзенне – правядзенне агульнашкольных бацькоўскіх сходаў чатыры разы на год з удзелам кіраўнікоў тэрытарыяльных арганізацый БРСМ і БРПА. У гэтым годзе абавязковай з’яўляецца і праграма “Бацькоўскі ўніверсітэт”, якая прадугледжвае ідэалагічнае выхаванне сумесна з бацькамі ў працоўныя дні (вечарам) або ў шосты школьны дзень.