23-гадовая магіляўчанка распавяла нашаму сайту, чаму варта змагацца за сваю будучыню, нават калі вакол – Беларусь.

31 жніўня. Магілёў. Мясцовы офіс БСДП (Грамада). Алесь Святліцкі


Ганна Шкадун – гэта худзенькая дзяўчына 23 гадоў з доўгімі валасамі і іранічнай усмешкай. Адна з заснавальніц гендэрнага цэнтра «Ружа», які адчайна спрабуе здабыць рэгістрацыю. Трэнер кампаніі для матывацыі і натхнення дзяўчат “[Не]жаночая справа”. Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Начальніца штаба кандыдата ў дэпутаты Наталлі Шкадун. Трэнер назіральнікаў і памочніца каардынатара па 85-ай акрузе на выбарах.

Худзенькая дзяўчына 23 гадоў, здаецца, узяла на сябе занадта шмат, каб давалачы да канца. Так здаецца да таго часу, пакуль з ёй не паразмаўляеш.

– Я заканчвала універсітэт Беластока, па спецыяльнасці – праграміст. Але ў мяне душа не ляжыць да гэтай прафесіі. Я не магу спакойна глядзець, як жывуць людзі ў нас, у Беларусі. Ідзеш элементарна па горадзе, глядзіш ім у вочы – а там такая туга, што самому жыць не хочацца. Калі я магу хоць неяк змяніць сітуацыю да лепшага, значыць я павінна дзейнічаць.

– Хіба людзі сумныя і ім дрэнна? Абурэння і пратэстаў мы не бачым, палітычная актыўнасць нізкая.

– Скажу так. Я часам сама задумваюся і дзесьці згаджаюся з тымі, хто кажа, што калі пратэстаў няма, значыць усё добра. На гэтай глебе можна сысці ў дэпрэсію. Кожны новы ўказ нашых уладаў робіць жыццё людзей горш і горш. Мне часам здаецца, што сваімі ўказамі і законамі ўлады імкнуцца праверыць узровень цярпення беларусаў. Кожны раз думаеш, што цяперака бамбане ў людзей канкрэтна, але праходзіць два дні – і ўсё так “ну і нарм”, “можа так і трэба”. Ёсць жа анекдот, калі на шыбеніцы вісяць некалькі трупаў і толькі беларус жывы боўтаецца. Пытаюцца, чаго жывы, а ён адказвае, што павісеў і прывык. Наш нацыянальны анекдот проста.

– Што трэба зрабіць, каб жыць стала лепш?

– Павінна змяніцца пакаленне.

– Але пакаленні мяняюцца. Пакаленне 90-х дзесяткамі прымалі ўдзел у палітыцы і грамадскім жыцці. Зараз жа з моладзі ў Магілёве ёсць літаральна некалькі чалавек, якія гатовыя чымсьці займацца.  Як тады дапаможа змена пакаленняў?

– Я думаю, мы павінны выгадаваць яго самі. Праблема яшчэ ў тым, што многія таленавітыя актыўныя людзі проста з’язджаюць. Пасядзяць «на сутках» адзін, другі, трэці раз. Бачаць, што людзям гэта ўсё не трэба, дык навошта тады надрывацца? І шукаюць там лепшага жыцця.

– Ты лепшага жыцця не шукаеш?

– Я тры гады, пакуль вучылася ў ВНУ, жыла ў Польшчы. І вярнулася адтуль у надзеі на тое, што ў мяне атрымаецца зрабіць будучыню маёй краіны лепш.

– Ну вось, ты ж вярнулася з загніваючага Захада ў стабільную і квітнеючую Беларусь. Значыць, не ўсё так дрэнна?

– На самой справе, якасць жыцця там значна лепш. І я спадзяюся зрабіць жыццё лепш тут. Калі ўсе з’едуць, хто будзе думаць пра будучыню, нешта мяняць? Мы не тое, што іншага пакалення не дачакаемся, краіна загіне наўпрост. Або пад Расеюшку пойдзе.

– А чым дрэнна ісці пад Расеюшку?

– Я не хачу, напрыклад. Я не падтрымліваю палітыку Пуціна, мяне не задавальняюць пастаянныя войны, мне не падабаюцца палітычныя зняволеныя.

IMG_1528

– Куды тады павінна рухацца Беларусь?

– Беларусь павінна быць незалежнай. Па-сапраўднаму незалежнай. Павінна змяніцца вертыкаль. Ненармальна, калі ў краіне няма выбараў. Нават назіральнікі з АБСЭ прыязджаюць і не вераць, што выбараў няма. Чаму? Ды таму што людзі не скардзяцца! Напэўна, іх усё задавальняе.

– Ты дазваляеш сабе дастаткова жорстка выказвацца пра ўладу. Не баішся наступстваў?

– А чаго баяцца? Калі ўсе будуць баяцца, будзем жыць, як у Оруэла. Будзем нават баяцца думаць. У нас у краіне дэкларуецца свабода слова – чаму я павінна адмаўляцца ад свайго права?

– Шмат хто выказваўся, а потым сядзеў «на сутках» або меў іншыя праблемы. Ты гатовая перажыць усё гэта?

– Так.

– А калі ты «перагарыш» у 26-28 гадоў?

– У мяне ёсць мэты і планы. У 15-16 гадоў я была актыўная вельмі, потым з’ехала ў Польшчу і тры гады ні ў якой дзейнасці не ўдзельнічала. А потым вярнулася сюды і зноў загарэлася. Калі спрабуеш нават трохі зрабіць свет вакол сябе лепш, ты бачыш сэнс у тым, што робіш.

– Што за мэты і планы?

– Адна з іх – змяніць сістэму адукацыі. Як – не хачу пакуль казаць, але пэўны план ёсць. Пачаць са школ і дзіцячых садкоў. Тут трэба дзейнічаць дробнымі крокамі. Слана трэба ёсць па кавалачках.

– Ты займаешся гендэрнымі праектамі. Хіба ў Беларусі ёсць праблема парушэння правоў жанчын?

– І не толькі жанчын – мужчын таксама. Шмат ёсць праблем. Жанчыны, напрыклад, у сярэднім атрымліваюць на 25% менш, чым мужчыны на тых жа пасадах. Гэта не нармальна. Ўсяго 6% жанчын займаюць пасаду кіраўніка кампаніі.

– З іншага боку, галоўным апанентам Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах-2015 была жанчына Таццяна Караткевіч. На гэтых парламенцкіх выбарах на выбарчай акрузе №86 фаварытам лічыцца Вольга Петрашова, якая яшчэ і намеснік старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў. З гэтага бачна, жанчыны могуць атрымаць патрэбныя статус, калі захочуць?

– Важныя яшчэ і адсоткавыя суадносіны. Роўнасць палоў – гэта пяцьдзесят на пяцьдзесят. У нас у Беларусі хіба такое ёсць? Няма. Яшчэ адно забылася сказаць. Нават калі браць мужчын, то ў іх ідзе дыскрымінацыя падчас прызыва ў армію. Чаму мужчына павінен траціць два гады свайго жыцця на бясплатнае абслугоўванне дзяржаўных патрэб? Калі ён паспеў узяць такі «абавязак», як у нас любяць казаць? Гэта дыскрымінацыя. Ніхто не павінен служыць прымусова, павінна быць кантрактная сістэма. Я лічу, што гэтая ўлада не заслугоўвае, каб яе абаранялі.

– Ты – феміністка?

– Так.

– У людзей вельмі своеасаблівае стаўленне да феміністак …

– У мяне ў самой ў 15-16 гадоў было прыкладна такое ж стаўленне. Думала, што феміністкі – гэта тыя жанчыны з Pussy Riot, якія бегаюць на акцыях з голымі грудзямі. У многіх такое ўяўленне захоўваецца. Але калі б не феміністкі, жанчыны не мелі б права голасу. Жанчыны не маглі б насіць штаны. Жанчыны не маглі б працаваць. Феміністкі дамагліся ўсіх тых правоў, якія ёсць цяпер у жанчын. Фемінізм – гэта толькі барацьба за правы жанчын.

– А як жа аргумент, што прыродай закладзена, што жанчына павінна сядзець дома з дзіцем, варыць ежу і клапаціцца пра сямейны ачаг?

– Раней людзі ў пячорах жылі. Нам таксама цяпер жыць? Грамадства развіваецца, эвалюцыянуе, мяняецца.

IMG_1523

– Наколькі я ведаю, у цябе ёсць маленькае дзіця. Як грамадска-палітычная дзейнасць сумяшчаецца з матчыным абавязкам?

– У майго дзіцяці добрыя бабуля і дзядуля, якія рады з ім пасядзець. Летам ёй лепш за горадам, яны глядзяць, так што ў мяне ёсць крыху вольнага часу. Права лезці ў грамадскую актыўнасць павінна заставацца за жанчынай. Калі яна хоча чымсьці займацца – хай займаецца. Калі хоча сядзець дома з дзіцем – таксама добра. Ніхто не павінен нікому указваць, што рабіць. Па вялікім рахунку, наша ініцыятыва “[Не]Жаночая справа” стала вынікам анкетавання, якое мы рабілі сярод жанчын. Па ім вельмі многія наракалі на тое, што не могуць сябе рэалізаваць, таму што на іх кладзецца падвойная нагрузка.

Акрамя таго, што ім трэба адпрацаваць, яны яшчэ павінны прыйсці дадому, прыбраць, прыгатаваць вячэру, паглядзець дзяцей. Пасля гэтага проста не застаецца часу на самарэалізацыю. Я лічу несправядлівым, калі бацька дзіцяці дзесьці можа гуляць або працаваць, а маці бярэ на сябе клопат аб дзіцяці цалкам. Калі маці пойдзе кудысьці гуляць або пачне працаваць звыш нормы, адразу паляцяць абураныя крыкі «тыжмаці!». Але і ў мамы, і таты павінны быць аднолькавыя правы і абавязкі на дзіця.

– У дэкрэтным адпачынку, аднак, сядзяць у асноўным маці.

– І гэта касяк, я лічу. Па заканадаўству, бацька таксама можа сядзець з дзіцем у дэкрэце. Але шмат што псуюць стэрэатыпы грамадства пра тое, што бацька ў дэкрэце сядзець не павінен. Бо тады атрымліваецца, што маці малога – агідная пачвара. А калі ў жанчыны высокааплатная праца? Апрыёры з жанчынай, калі яна не сядзіць у дэкрэце, штосьці не так. Гэта дзіка.

– Прынята, што з’яўленне якой-небудзь ініцыятывы звязана з атрыманнем якога-небудзь гранта. У цябе таксама так?

– За ўсё сваё жыццё я не атрымала ніводнага гранта. Некаторыя людзі, якіх я ведаю, доўгі час пішуць на атрыманне, але часта нічога не атрымліваюць. Ўплыў грантаў перабольшаны. Ініцыятыва “[Не]Жаночая справа” сфармавалася літаральна за некалькі месяцаў, нашым партнёрам была інтэрнэт-крама моднага адзення. Грант нам быў непатрэбен.

– Гэта значыць ініцыятыва ў Беларусі можа існаваць без дапамогі замежных і мясцовых фондаў?

– Так. У той жа час, я лічу нармальным, што грамадзянская супольнасць развіваецца ў тым ліку за кошт грантаў. Вось гэтыя самыя, як іх называюць, «грантасмокі», робяць жыццё людзей лепш там, дзе гэтага не робіць дзяржава. Смешна, але нават дзяржаве выгадна, што беларускія ініцыятывы бяруць гранты – тая ж валюта паступае ў краіну, тыя ж людзі занятыя і атрымліваюць нейкія фінансавыя бонусы за сваю дзейнасць. Пры гэтым трацяць яны іх таксама ў Беларусі. На жаль, некаторыя беларусы вельмі не любяць, калі ў іншых ёсць грошы.

– Апошняе пытанне, пра твае будучыню. Дзе ты будзеш праз дваццаць гадоў?

– Ты пра краіну?

– Пра ўсё.

– Часта думаю над гэтым пытаннем. Каб дамагчыся чагосьці, трэба разумець, куды ты хочаш ісці і чаго дасягнуць. У мяне ёсць гэта разуменне. Магчыма, адкрыю некалькі прыватных школ (смяецца). Па франшызе. У іх дзяцей будуць вучыць не проста складваць лічбы і чытаць кніжкі, у іх будуць вучыць прымаць рашэнні і быць больш прадпрымальнымі, скажам так. Сёння школа выпускае толькі рабоў.

– А палітычную кар’еру зрабіць не думала?

– Хто ведае, можа ўжо праз чатыры гады на наступныя парламенцкія выбары пайду (смяецца).