Расійскія рэкрутэры рэкламуюць у беларускіх гарадах набор добраахвотнікаў на так званую СВА.

У адным выпадку ДСАА «Радзіма Герояў» з Растова-на-Доне, зарэгістраванае як аўтаномная некамерцыйная арганізацыя, прапануе жыхарам Гомеля аднаразовыя выплаты Міністэрства абароны РФ за падпісаны кантракт у памеры больш за 4 тысячы долараў і заробак 2100 долараў пасля адпраўкі на фронт. Рэкламныя налады пляцоўкі ахопліваюць яшчэ 50 беларускіх гарадоў.

У другім выпадку «Федэральны цэнтр набору добраахвотнікаў» стварыў асобныя інтэрнэт-старонкі для рэкрутынгу на тэрыторыі Беларусі, Арменіі, Казахстана і Таджыкістана і прапануе жыхарам Магілёва, а таксама яшчэ 123 найбуйнейшых населеных пунктаў Беларусі, узяць удзел за 15 тысяч долараў пры заключэнні кантракта ў вайне супраць Украіны.

Пры гэтым паміж кантрактнікам і добраахвотнікам СВА існуе істотная розніца. Добраахвотнікам прапануюць падпісаць кантракт не з Міністэрствам абароны РФ і накіроўваюць у добраахвотніцкія спецфармаванні ў «зоне СВА», дзе яны не лічацца вайскоўцамі. З лета 2025 года для гэтага дзейнічае сістэма «Дабракор».

Асаблівую ўвагу рэкрутэры надаюць грамадзянам з досведам у стралковых відах спорту, са стажам працы ў сілавых ведамствах і ў казацкіх аб’яднаннях, якія аформлены як некамерцыйныя арганізацыі. Рэкрутэры гатовыя «ўлічваць жыццёвыя абставіны» і прапануюць да 100 тысяч долараў «на спісанне даўгоў».