Суддзя Валянціна Лапаціна не ўбачыла у апытанні адміністратара старонкі Могилев.Live звестак, якія б ганьбілі дзелавую рэпутацыю міліцыі.

27 снежня. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Алесь Святліцкі


Раніцай 27 снежня у судзе Ленінскага раёна працягнуўся працэс паміж УУС Магілёўскага аблвыканкама і Аляксандрам Ірхо, стваральнікам пабліка «Укантакце» Могилев.Live.

На гэты дзень былі прызначаныя спрэчкі і вынясенне рашэння. Прадстаўнікі УУС, старшы інспектар па прававым забеспячэнні аператыўнага аддзялення штаба Таццяна Мартынава і начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Дзмітрый Ігнатовіч, пацвердзілі раней заяўленыя патрабаванні:

– Мы па-ранейшаму патрабуем ад Аляксандра Ірхо прынесці прабачэнні за распаўсюд інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасці і ганьбіць рэпутацыю УУС у пабліках Могилев.Live, Бобруйск.Live і Могилев.Real, – заявіла падчас спрэчак Таццяна Мартынава.

Дзмітрый Ігнатовіч падтрымаў калегу:

– Іскавыя патрабаванні цалкам абгрунтаваныя. Размяшчэнне апытання ў сацыяльнай сетцы менавіта ў той форме, у якой гэта было зроблена, нанесла шкоду рэпутацыі ДАІ і УУС Магілёўскага аблвыканкама. Яшчэ раз адзначу, што асоба, якая размясціла гэтае апытанне, відавочна, ўсведамляла, што вынікі будуць прыведзены аўтаматычна і ён на іх паўплываць не зможа. Такім чынам, ён проста пусціў гэтую справу на самацёк.

Начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязей заявіў, што крытычная інфармацыя пра дзейнасць міліцыі публікуецца ў СМІ і інтэрнэт-крыніцах па ўзгадненні з прэс-службамі органаў унутраных спраў пасля таго, як быў усталяваны факт злачынства і правапарушэння.

– Але гаворка пра гэта не ідзе. На думку боку УУС аблвыканкама, распаўсюд інфармацыі і грамадскі рэзананс, які выклікала справа ў сувязі з незразуменнем нашых першапачатковых іскавых патрабаванняў, толькі пагаршае сітуацыю. Адказчык ведае, што суд не прыняў рашэння. Разам з тым, ён дае каментар тэлеканалу «Белсат» разам з адным з юрыстаў (гаворка ідзе пра праваабаронцу Барыса Бухеля – заўв. Святл), тлумачачы сваю пазіцыю, – заявіў Ігнатовіч.

У адказ Аляксандр Ірхо заявіў, што суд павінен адмовіць у пазове па фармальных падставах. Ён спаслаўся на рашэнне пленума Вярхоўнага суда, у якім пазоў па абароне дзелавой рэпутацыі юрыдычнай асобы павінен разглядаць гаспадарчы суд.

Акрамя таго, адміністратар Могилев.Live не пагадзіўся з тым, што ўказанне у апытанні сум у далярах намякаюць на карупцыю ў шэрагах ДАІ:

– Прэтэнзія прадстаўніцы пазоўніка Мартынавай да таго, што ў варыянтах адказаў у якасці грашовай адзінкі я ўказаў даляры ЗША, а не беларускія рублі, не абгрунтавана і прыцягнута за вушы. Нават прэзідэнт Лукашэнка неаднаразова ўказваў сумы ў далярах, калі абяцаў нам у хуткім часе фантастычныя на сённяшні дзень сярэднія па Беларусі заробку ў 500, 700 і нават 1000 даляраў – лічу дадзеныя выказванні агульнавядомым фактам, які не патрабуе доказаў. Але тады атрымліваецца, што мне ў віну ставіцца тое, што я бяру прыклад з прэзідэнта Лукашэнкі, пазначаючы ў сваім апытанні грашовыя знакі ў доларах.

Пры гэтых словах прадстаўнік УУС Дзмітрый Ігнатовіч папрасіў не згадваць імя прэзідэнта і не падымаць гэтую тэму.

Спрэчкі ішлі на працягу гадзіны. Пасля гэтага суддзя абвясціла перапынак да 16 гадзін.

У пазначаны час Лапаціна абвясціла рашэнне па працэсу – у пазове УУС Магілёўскага аблвыканкама адмовіць.

– Іскавыя патрабаванні не падлягаюць задавальненню. Ацаніўшы прадстаўленыя доказы, суд прыйшоў да высновы, што апублікаванае пытанне ў дадзенай рэдакцыі не сведчыць пра распаўсюд якіх-небудзь звестак, якія б ганьбілі дзелавую рэпутацыю пазоўніка.

Прадстаўнікі УУС запыталі матывавальную частку, аднак не ведаюць на дадзены момант, ці будуць яны аспрэчваць рашэнне суда Ленінскага раёна.