Пасля хвалі палітычных “чыстак” у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова MSPRING.MEDIA пагутарыў са знакамітым выкладчыкам Аляксандрам Агеевым пра ўніверсітэты Магілёва, стаўленне да палітычна актыўных студэнтаў і былых калегаў.
MSPRING.MEDIA: – Спадар Аляксандр, пасля таго, як з МДУ Куляшова выціснулі ўсіх выкладчыкаў, якіх былыя студэнты называюць знакавымі, ці мае сэнс моладзі паступаць у гэтую навучальную ўстанову?
Аляксандр Агееў: – Вы ведаеце, з майго боку будзе непрыстойна параўноўваць звольненых з МДУ Куляшова выкладчыкаў – тых, каго прымусілі звольніцца, з тымі, хто яшчэ застаўся працаваць ва ўніверсітэце. Сярод тых, каго звольнілі ці прымусілі сысці і тых, хто сам сышоў у знак пратэсту, сапраўды было шмат, як вы кажаце, знакавых фігур – тых, чые імёны асацыяваліся з універсітэтам, або з асобнымі факультэтамі. Гэта праўда. Іх звальненне, як мінімум, не ўзмацніла кадравы склад выкладчыкаў.
Але сказаць, што “выціснулі ўсіх” будзе няправільна. Дастатковая колькасць маіх былых калег валодаюць высокай кваліфікацыяй і добрай працаздольнасцю. Трэба ўсведамляць, што ўзровень адукацыі студэнтаў вызначаюць не толькі “зоркі”. Вельмі шмат залежыць ад шараговых дацэнтаў, на якіх ляжыць асноўны цяжар працы са студэнтамі. Сітуацыя розніцца ў залежнасці ад кафедраў і факультэтаў. Я б не стаў даваць адназначна негатыўную ацэнку насамрэч. Хаця працаваць выкладчыкам цяпер прыходзіцца за траіх. Яны практычна ўсе цяпер “шматстаночнікі” – вядуць па пяць ці нават сем разнастайных вучэбных курсаў, што недапушчальна.
– Але ж кіраўнік варшаўскага Цэнтра палітычнага аналіза Павел Вусаў, які таксама скончыў МДУ і працаваў выкладчыкам, цвердзіць, што гэта ўжо трэцяя альбо нават чацвёртая хваля чыстак. Таму ВНУ дэградуе інтэлектуальна і кадрава.
– Павал мае пэўную рацыю. Я не займаўся падлікамі хваляў, але чысткі ва ўніверсітэтах Беларусі насамрэч праводзіліся перманентна. Мой былы студэнт Павел Вусаў быў звольнены з МДУ яшчэ пасля парламенцкіх выбараў 2004 года. Мы з ім тады пайшлі на выбары ў парламент. Мяне выбарчая камісія зняла з выбарчай гонкі – не зарэгістравала кандыдатам, і таму я застаўся працаваць. А Паўла зарэгістравалі, і потым паказальна звольнілі, што парадаксальным чынам пазней дапамагло яму атрымаць добрую еўрапескую адукацыю.
Што тычыцца дэградацыі інтэлектуальнай і кадравай, то дазвольце не буду характарызаваць МДУ імя Куляшова, бо гэта можа ўспрымацца, як помста выціснутага з установы выкладчыка. Тут лепш разгледзець у прынцыпе сітуацыю з кадрамі ў краіне. Бо праблема так званых палітычных чыстак не адзіная. Праблема ў тым, што прафесура і дацэнты сыходзяць з універсітэтаў, як з натуральных узроставых прычынаў, так і з-за незадаволенасці стылем кіраўніцтва ўніверсітэтаў, з-за адсутнасці акадэмічных свабодаў і агульнай палітыкі ў галіне адукацыі.
Вось усё разам і стварае, як уяўляецца з боку, сітуацыю кадравага дэфіцыту ва ўніверсітэтах. А гэта не можа не адбіцца на ўзроўні беларускай адукацыі. У такіх умовах чысткі і выглядаюць асабліва недарэчнымі. Хаця, калі казаць шчыра, яны злачынныя і недаравальныя.
Нядаўна даведаўся, што ў адным з магілёўскіх універсітэтаў кіраўніцтва з надзеяй чакае выпуску сваіх аспірантаў, каб даць ім лекцыйныя курсы звольненых выкладчыкаў. Раней мяне і маіх калег гады тры паступова падводзілі да лекцыйных курсаў па асноўных прадметах, каб мы маглі набрацца досведу. А цяпер аспірантамі будуць затыкаць прагалы ў сваёй кадравай палітыцы. У каго яны будуць вучыцца, пераймаць педагагічны досвед – рытарычнае пытанне.
– А ці не варта было самому сысці раней?
– Такое ж пытанне задаюць мне мае блізкія. Навошта ты так доўга працаваў ва ўстанове, дзе, мягка кажучы, выкладчыкаў разглядаюць не як эліту, а як ламавых лашадак альбо рабсілу, якая ўсім усё абавязаная, у тым ліку рухаць навуку і прагрэс. А яшчэ ім можна плаціць менш – ледзь не на ўзроўні звычайнай школы і ў любым выпадку ніжэй, чым на вытворчасці.
Але чалавек прызвычайваецца. Мне асабіста падабалася працаваць са студэнтамі. Здаецца, і ім было цікава і карысна вучыцца ў мяне. Няблага атрымлівалася ўдзельнічаць у навуковых і выдавецкіх праектах. А ад кіраўніцтва я заўжды імкнуўся дыстанцавацца.
– Ці ёсць у Магілёве хоць адное ВНУ, дзе можна атрымаць перспектыўную для ХХІ стагоддзя спецыяльнасць?
– А вы ведаеце, не ўсё так сумна, як падаецца. Пэўныя спецыяльнасці ў Беларуска-расейскім універсітэце рэальна і перспектыўныя, і мелі дыбрыя рэйтынгі. На маю думку, ва ўсіх універсітэтах ёсць свае перліны і, адпаведна, ёсць свае перспектыўныя спецыяльнасці. Але зноў жа пытанне з кадрамі для працы на іх вельмі вострае.
– Універсітэт гэта не толькі месца, дзе студэнтам чытаюць лекцыі. Як вы лічыце, ці выканалі выкладчыкі сваю функцыю падчас пратэстаў?
– Мне падаецца, што ў выкладчыкаў не можа быць спецыяльнай палітычнай функцыі, тым больш у час пратэстаў. А вось функцыю падрыхтоўкі маладых людзей да жыцця ў дэмакратычным грамадстве, выхавання ў іх пачуцця годнасці і свабодалюбства выкладчыкі выканалі бліскуча. Аб гэтым сведчыць тая вялізарная колькасць беларусаў з вышэйшай адукацыяй, якая выходзіла на пратэсты. Менавіта па гэтай прычыне сёння мы назіраем спробу ачысціць універсітэты ад “непажаданых элементаў”, якія выявілі “сімпатыі да апазіцыі”.
– Вы, прафесар кафедры археалогіі і гісторыі Беларусі, не дапрацавалі да пенсіі ўсяго два гады. Вы як ацэньваеце сваіх былых калегаў?
– Так. Мяне прымусілі звольніцца і адправілі на “пенсію без пенсіі” у 60 гадоў. Што датычна маіх былых калегаў, то ім з гэтым жыць. Тых, хто гэта зрабіў, мне цяпер і калегамі называць не хочацца.
– Напрыканцы выніковае пытанне, вядомы філосаф і метадолаг Уладзімер Мацкевіч сцвярджаў, што ў Беларусі ўніверсітэтаў няма. Вы з ім пагаджаецеся?
– Спадар Мацкевіч мае рацыю ў тым сэнсе, што шлях ад савецкіх ВНУ да сапраўдных універсітэтаў у Беларусі толькі пачаўся. Каб вырасці з інстытута ў сапраўдны ўніверсітэт патрэбныя дзесяцігоддзі. Патрэбнае рэальная самакіраванне. Каб у нас была выбарнасць рэктараў, то сённяшняй сітуацыі і не было б, яна была б проста немагчымай. Але, на вялікі жаль, цяпер мы назіраем рух назад.