Праваабаронцы асцерагаюцца, што гэта можа быць спробай «перавесці стрэлкі» па справе.
12 лютага. Магілёў. Алесь Святліцкі
Раней, 8 лютага ў бацькоў актывісткі анархісцкага руху Юліі прайшоў вобшук у кватэры. Па словах дзяўчыны, супрацоўнікі ГУБАЗіК нічога не забралі, хоць іх вельмі зацікавіла літаратура, прысвечаная супрацьдзеянню фашызму.
Сама дзяўчына вучыцца ў Мінску. Са Следчага камітэта ёй спачатку патэлефанавалі і запрасілі на гутарку. Потым ёй даслалі позву – 12 лютага а трэцяй гадзіны дня Юлія мусіць з’явіцца да старэйшага следчага Башарымавай. Пры гэтым у позве не пазначана, у якасьці каго выклікаюць дзяўчыну. Паводле праваабаронцы Аляксея Колчына, такая тактыка шырока ўжываецца сілавымі органамі:
– Магчыма, спачатку гэта будзе ледзь не сяброўская гутарка, яшчэ і без пратаколу. А потым чалавека зробяць сведкай. А затым справа можа разгортвацца нечаканым чынам.
Акрамя Юліі, у Следчы камітэт выклікалі таксама Цімафея Лускіна – яму трэба прыйсці да пяці гадзін вечара. Як і ў выпадку з Юліяй, 8 лютага ў ягоных бацькоў таксама правялі ператрус.
Нагадаем, у ноч з 21 на 22 траўня 2017 году невядомыя аблілі чырвонай фарбай помнік Уладзіміру Леніну ў раёне Дома культуры завода імя Кірава. Манумент закідалі шклянымі банкамі, у якіх знаходзілася фарба. Таксама на помніку пакінулі надпіс «Забойца мільёнаў людзей».