Са студзеня Станіслаў Паўлінковіч стане беспрацоўным.

22 лістапада. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Актывісту аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Станіславу Паўлінковічу не працягнулі працоўны кантракт. Да 5 студзеня ён будзе дапрацоўваць на Магілёўскім металургічным заводзе. Актывісту ўжо выдалі афіцыйнае папярэджанне за подпісам дырэктара прадпрыемства Альберта Цімафеева.

Паўлінковіч сцвярджае, што падставай для нефармальнага звальнення стала яго грамадска-палітычная дзейнасць.

– Ініцыятыва зыходзіла ад дырэктара, – заявіў хлопец. – Усе мае калегі на працы, у тым ліку начальніка цэха, які прасіў працягнуць кантракт са мной, задаволеныя маёй працай. Але дырэктар упёрся і не пагадзіўся.

Па словах актывіста, у яго ёсць інфармацыя аб тым, што на кіраўніка прадпрыемства націснулі. Ён лічыць, што спецслужбы і міліцыія робяць усё, каб ускладніць жыццё апазіцыянерам. Пазбаўленне працы – вядомы метад.

– Яшчэ раней знаёмая перадала мне, што супрацоўнікі міліцыі хацелі «дапамагчы» у тым, каб кантракт са мной не працягнулі, сказаў Паўлінковіч.

Актывіст мае намер абскардзіць рашэнне адміністрацыі завода праз прафсаюз.

Станіслаў Паўлінковіч – пастаянны ўдзельнік акцый пратэсту. Увосень гэтага года рашэннем Ленінскага суда Магілёва яму быў прызначаны штраф у 460 рублёў за ўдзел у мітынгу супраць ваенных вучэнняў «Захад-2017».

Акрамя таго, у жніўні ў дачыненні да актывіста была распачатая крымінальная справа па факце распаўсюджвання парнаграфіі, аднак у кастрычніку справу спынілі, паколькі віна актывіста не была даказаная.