Каардынатар магілёўскіх хрысціянскіх дэмакратаў спрабаваў абскардзіць свой адміністрацыйны арышт пасля “Маршу недармаедаў”.
6 красавіка. Магілёў. Абласны суд. Алесь Святліцкі
Суддзя Магілёўскага абласнога суда Ігар Зямцоў 6 красавіка прызнаў правамерным рашэнне суддзі суда Ленінскага раёна Таццяны Рубіс, якая асудзіла актывіста на 15 сутак арышту за арганізацыю і ўдзел у магілёўскім “Маршы недармаедаў” 19 лютага.
Паводле заўвагі Аксёнава, суддзя Зямцоў далучыў да матэрыялаў справы ягоныя заўвагі і дапаўненні, якія не былі далучаныя падчас працэсу ў раённым судзе, але праігнараваў іх. У тым ліку і відавочныя факты, якія пацвярджаюць ілжэсведчанні з боку сведкаў-міліцыянтаў.
– У паказаннях сведкаў пазначана, што я казаў у мегафон і заклікаў прайсціся маршам па пешаходнай вуліцы Ленінскай. Аднак гэта хлусня,– заявіў актывіст.
Каардынатар магілёўскай БХД звярнуў увагу суддзі Зямцова на тое, што права на свабоду мірных сходаў гарантавана Канстытуцыяй, а рашэнне Магілёўскага гарвыканкама “Аб масавых мерапрыемствах” супярэчыць ёй.
Суддзя застаўся глухі да аргументаў палітыка і прызнаў правамернымі 15 сутак, якія Аксёнаў правёў пад арыштам у магілёўскім ІЧУ. Хрысціянскі дэмакрат з рашэннем суда не пагадзіўся і плануе абскардзіць яго.