Гарадскія ўлады ў чарговы раз адправілі пікетоўцаў на бязлюдныя ўскраіны.
3 лістапада. Магілёў. Алесь Святліцкі
Кіраўнік АГП па Магілёўскай вобласці Уладзімір Шанцаў накіраваў заяву аб правядзенні мерапрыемства яшчэ два тыдні таму. Пікет супраць Дэкрэта №3 «Аб сацыяльным ўтрыманстве», па задумцы арганізатараў, павінен быў адбыцца 7 лістапада на пляцоўцы каля дыягнастычнага цэнтра недалёка ад гарвыканкама.
Аднак галоўны ідэолаг горада Ала Галушка адмовілася даць дазвол на правядзенне сходу, спаслаўшыся на рашэнне гарвыканкама ад 2007 года.
– Месцам правядзення пікетаў, мітынгаў і сходаў, арганізатарамі якіх выступаюць палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, прафсаюзныя арганізацыі і грамадзяне, вызначана пляцоўка па вул. Чалюскінцаў 64 В (стадыён “Хімік”).
Уладзімір Шанцаў лічыць, што ўлада паказала сапраўдны твар пасля той «ліберальнай карцінкі», якую ўсе бачылі на парламенцкіх выбарах:
– Улада адмовіла нам у правядзенні пікетаў. На жаль, разгул дэмакратыі, які быў дазволены перад выбарамі, скончыўся. Мітынгаваць і маршыраваць у цэнтры горада зараз можна толькі БРСМ, Белай Русі і іншым праўладным структурам.
Адзначым, што 7 лістапада – у дзень, калі АГП планавала пікет у Магілёве – на плошчы Леніна перад Домам Саветаў адбудзецца мітынг да дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, які арганізаваны ўладамі. Чакаецца, што ў ім возьмуць удзел члены Камуністычнай партыі Беларусі, члены БРСМ і «Белай Русі».