Прадстаўнік Магілёўскай-Цэнтральнай акругі № 85 у ніжняй палаце парламента не спраўляецца са сваімі абавязкамі, лічаць выбаршчыкі.
21 студзеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Збор подпісаў для правядзення сходу аб адклiканнi дэпутата Палаты прадстаўнікоў Аляксандра Старавойтава пачаўся 21 студзеня. Ініцыятарам выступіў кіраўнік АГП па Магілёўскай вобласці Уладзімір Шанцаў. На яго думку, дэпутат не выконвае свае прамыя абавязкі – а менавіта не абараняе інтарэсы выбаршчыкаў у парламенце.
– У лістападзе 2016 году група выбаршчыкаў звярнулася да Старавойтава з патрабаваннем адмены Дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Дэпутат Старавойтаў сам не стаў разбірацца са зваротам, і тым самым праігнараваў сваіх выбаршчыкаў. Разам з дэпутатамі Салаўёвым і Петрашовай яны даслалі калектыўны адказ, у якім адмовіліся разглядаць пытанне аб адмене Дэкрэта №3. Замест разгляду сутнасці звароту, яно было перанакіравана ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, якое і з’явілася ініцыятарам вышэйпазначанага дакумента. Акрамя таго, у адказе ўтрымліваецца інфармацыя, якая не адпавядае сапраўднасці. Напрыклад сказана, што ў рэспубліцы зніжаецца беспрацоўе, «арганізавана сістэмная работа па стварэнню новых працоўных месцаў», і гэтак далей. Аднак, паводле афіцыйнай статыстыкі за 11 месяцаў 2016 года, ў краіне колькасць чыста звольненых (перавышэнне звольненых над прынятымі на працу) склала 99898 чалавек. Гэта значыць колькасць беспрацоўных павялічылася на 99.898 чалавек, – лічыць Шанцаў.
Нежаданне Аляксандра Старавойтава ініцыяваць адмену «падатку на дармаедства» прывяло да таго, што выбаршчыкі на чале з кіраўніком АГП вырашыліся на адкліканне дэпутата:
– Аляксандр Старавойтаў не збіраецца прымаць меры да адмены неканстытуцыйнага Дэкрэта. Акрузе патрэбен дэпутат, які будзе адстойваць інтарэсы выбаршчыкаў, дзейнічаць строга ў рамках закона і здаровага сэнсу.
Згодна з Выбарчым кодэксам, выбаршчыкі маюць права адклікаць дэпутата Палаты прадстаўнікоў, калі ён не апраўдаў іх даверу. Для гэтага трэба, каб не менш за 150 чалавек ініцыявалі правядзенне сходу праз гарадскі Савет дэпутатаў. Як адзначае Шанцаў, дадзеная задача практычна выканана – неабходныя 150 подпісаў пад зваротам да старшыні Магілёўскага гарсавета Сяргею Іванова амаль сабраныя.