Магілёвец «Класам» у «Аднакласніках» абразіў Аляксандра Лукашэнку – і атрымаў за гэта два гады калоніі.

Як стала вядома MSPRING.MEDIA, у канцы жніўня суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прысудзіў мясцоваму жыхару Яўгену Шышкову, які працуе на прадпрыемстве «Протас», рэальнае пазбаўленне волі за «Клас» у сацыяльнай сетцы.

Яўген Шышкоў

Наколькі вядома, гаворка ідзе пра рэакцыю на публікацыю ў “Аднакласніках” у пабліку STOP LUKA у красавіку 2022 года, дзе была размешчана ілюстрацыя магільнай пліты Аляксандра Лукашэнкі з надпісам

«Лукашэнка (Брахло) Аляксандр Рыгоравіч. 1954/08/30 – 2022. Таму, хто хлусіць свайму НАРОДУ. Ад ПАЎДНЁЎКРАІНЦАЎ».

Вядома, што затрымалі Шышкова толькі ў ліпені 2023 года. Яго абвінавацілі ў “публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі” (ч. 1 арт. 368 КК РБ).

Згодна з раскладам на сайце Вярхоўнага суда, працэс вяла суддзя Вольга Зарычнюк. Па выніках разгляду крымінальнай справы, Шышкова прыгаварылі да 2 гадоў пазбаўлення волі, верагодна, агульнага рэжыму.

Пра мужчыну вядома, што яму 33 гады, ён жанаты і мае маленькую дачку.