Праваабаронца Аляксандр Буракоў звярнуўся да пракурора з просьбай праверыць адну з публікацый на факт распальвання мiжнацыянальнай варожасці.

6 ліпеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


27 чэрвеня на афіцыйным сайце УУС Магілёўскага аблвыканкама з’явілася публікацыя пад назвай «У Бабруйску наркакантроль затрымаў прадстаўніка этнічнай дыяспары цыган. Ён падазраецца ў збыце метадону, спажыванне якога пацягнула смерць чалавека».

Афіцыйны прадстаўнік УУС Дзмітрый Ігнатовіч, які з’яўляецца аўтарам тэксту, чатыры разы пазначыў этнічную прыналежнасць чалавека, якога затрымаў наркакантроль. Двойчы выраз «прадстаўнік этнічнай дыяспары цыган» згадваецца ў цытаце палкоўніка Уладзіслава Кавалёва, які даў каментар для матэрыялу. Яшчэ два разы – непасрэдна ў тэксце Дзмітрыя Ігнатовіча.

На думку праваабаронцы Аляксандра Буракова, гэта можна расцэньваць як спробу распальвання міжнацыянальнай варожасці:

– На сайце Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь у раздзеле “Прававая інфармацыя для масмедыя” апублікаваныя рэкамендацыі для СМІ. Згодна з пунктам 8 рэкамендацый, «каб пазбегнуць распальвання нацыянальнай нянавісці ці варожасці, ня варта фіксаваць увагу чытачоў і гледачоў на нацыянальнай прыналежнасці асоб, якія ўчынілі злачынства». Пры гэтым у тэксце Дзмітрыя Ігнатовіча увага на нацыянальнай прыналежнасці затрыманага зафіксавана цэлых чатыры разы. Мне здаецца, што гэта свядомая адмова прадстаўніка УУС Магаблвыканкама ад прытрымлівання рэкамендацый Следчага камітэта РБ. Гэта я пазначыў і ў скарзе, – паведаміў у каментары Буракоў.

Ён адзначыў, што сайт УУС Магілёўскага аблвыканкама мае вялікае інфармацыйнае значэнне для СМІ вобласці і краіны. Аднак артыкулы, у якіх зроблены акцэнт на этнічнай прыналежнасці чалавека, які здзейсніў злачынства, шкодзяць іміджу міліцыі.

– Калі затрымліваюць або судзяць чалавека беларускай нацыянальнасці, УУС Магілёўскага аблвыканкама не піша «беларус». Дык чаму ж пішацца «этнічная дыяспара цыган»? Такім чынам адбываецца фарміраванне негатыўнага вобразу этнічнай групы, што вядзе да яе маргіналізацыі, – лічыць Буракоў.

У сваёй скарзе ён папрасіў пракурора вобласці праверыць публікацыю Дзмітрыя Ігнатовіча на факт распальвання міжнацыянальнай варожасці, а таксама прыняць неабходныя пракурорскія меры, калі парушэнне пацвердзіцца.