Супраць былой настаўніцы з Хойнікаў, якая нібыта засняла расейскую ваенную тэхніку, распачалі дзве крымінальныя справы. Яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.

Жыхарку Хойнікаў Ірыну Абдукерыну затрымалі раніцай 5 красавіка на лецішчы, прычым калі б сведкам затрымання не стаў хлопчык па суседстве, то яе сям’я нават не была б у курсе. У Хойніцкім РАУС інфармацыю сваякам даваць адмовіліся. Толькі ў ноч з 5 на 6 красавіка сваякі змаглі даведацца, што Ірыну затрымалі на 72 гадзіны.

Падставай для затрымання стала нібы тое, што Абдукерына запісала на відэа перамяшчэнне калоны расійскай ваеннай тэхнікі і пераслала відэа ў адзін з тэлеграм-каналаў – пра гэта было сказана ў роліку, апублікаваным у неафіцыйным рэсурсе сілавікоў.

Прычым у гэтым жа відэа было пазначана, што Ірыну звольнілі з навучальнай установы ў 2020 годзе, хаця яна сышла адтуль па сваім жаданні яшчэ ў 2016 годзе.

10 красавіка жанчыне прад’явілі абвінавачанне адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Па абодвух артыкулах ёй пагражае да 6 год пазбаўлення волі. На дадзены момант яе ўжо перавезлі ў гомельскі СІЗА.

Варта адзначыць, што яшчэ падчас знаходжання ў хойніцкім ізалятары часовага ўтрымання ўзніклі вялікія праблемы з перадачай для Ірыны Абдукерынай. Ні ў чацвер, ні ў пятніцу неабходныя прадметы Ірыне не перадалі. У нядзелю начальнік ІЧУ таксама адмовіўся прымаць перадачу для педагога.

На фота – Хойнікі, glubinka.by