Напярэдадні Новага года ў 50 гадоў памёр былы супрацоўнік Службы бяспекі прэзідэнта (в/ч 01549), ветэран спецназа МУС Канстанцін Цюшэўскі.
Кастусь Цюшэўскі меў літоўскія карані, але нарадзіўся ў Душанбэ, куды перабралася з Каўнаса яго сям’я. Ён скончыў Акадэмію МУС у Мінску, пазней цэнтр спецпадрыхтоўкі, а апошнім часам быў вядомы як трэнер па кулявой стральбе зборнай каманды Стралковага саюза Расіі.
За апошнія два гады гэта не першая раптоўная смерць экс-спецназаўца. Раней ва ўзросце 59 гадоў памёр Мікалай Кашыраў, адзін з заснавальнікаў і замкамандзіра па баявой падрыхтоўцы атрада САХР. На 55-м годзе памёр адзін з першых “крапавых берэтаў”, інструктар па рукапашным баі в/ч 3214, падпалкоўнік запасу Андрэй Жукоўскі, які пасля расфарміравання віленскай 42-й канвойнай дывізіі МУС СССР зрабіў кар’еру ў Беларусі, а да 2020 года выкладаў у Акадэміі МУС. У 49 гадоў памёр падпалкоўнік запасу спецпадраздзялення “Алмаз” Іван Бяляснікаў, які ў 2004 годзе быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.
Нагадаем, што летась у чэрвені мы паведамлялі, што ў Расіі загінуў ад выбуху гранаты былы спецназавец з Магілёва Юрый Міхайлаў. Яму было ўсяго 47 гадоў, у 1995-1996 гадах ён праходзіў тэрміновую службу ў 1-й роце спецпрызначэння в/ч 3214 (Уручча) у званні старшыны.