Пранкер Яўген Вальноў палічыў арыгінальным жарт пра затрыманне спецслужбамі.
Нагадаем, 7 лютага невядомыя патэлефанавалі Касцову і прыгразілі затрыманнем за пасты ў сацсетках.
– Пазванілі, неяк сумбурна прадставіліся – ці то КДБ, ці то Следчы камітэт. Сказалі, што я размяшчаю забароненую інфармацыю на сваіх старонках у сацыяльных сетках, хоць ведаю, што гэтага рабіць нельга. Заявілі, маўляў, супрацоўнічаць вы не хочаце, выправіць або выдаліць таксама, таму чакайце, вас будуць затрымліваць. Прыгразілі, што мне лепш не тузацца і не спрабаваць уцячы, – паведаміў тады Антон карэспандэнту “Магілёўскай вясны“.
Пасля таго, што здарылася, актывіст звярнуўся ў міліцыю з заявай, у якой прасіў даведацца, хто ж яму сапраўды патэлефанаваў.
Праз некалькі дзён у групе «Укантакце» STOP LUKA нехта выклаў аўдыёзапіс размовы, у якім нехта Яўген Вальноў разыгрывае чалавека, чый голас падобны на Антона Касцова.
На сайце пранкера пазначана, што разыграць можна любога чалавека, трэба толькі пералічыць на рахунак пранкера 5 даляраў. Таксама можна «зліць інфармацыю» – пазначыць кантактныя дадзеныя ахвяры і апісаць сітуацыю, з дапамогай якой можна вывесці яе на эмоцыі. Паколькі працэс ананімізіраван, даведацца, хто менавіта «замовіў» Касцова пакуль нельга.
Даведка MSPRING:
“Яўген Вальноў – інтэлектуальны прадукт нашага часу…У сваіх тэлефонных розыгрышах часта выкарыстоўвае ненарматыўную лексіку, пераступае грамадскія нормы маралі і маральнасці, чым выклікае бурную рэакцыю, выводзіць суразмоўцу з раўнавагі, правакуе выбух эмоцый аж да ашалеласці….Выклікае як нянавісць аб’ектаў тэлефоннага розыгрышу (пранка), так і захапленне слухачоў, у залежнасці ад іх сацыяльнага статусу і сталасці мыслення”, – піша пра сябе сам пранкер на старонцы сацыяльнай сетцы« Укантакце».