УУС Магілёўскага аблвыканкама заявіў арганізатару мірнага сходу Аляксею Майсееву, што яго мерапрыемства ахоўвалася належным чынам.
16 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!
25 жніўня на стадыёне па вуліцы Чалюскінцаў Аляксей Майсееў разам з таварышам правялі санкцыянаваны пікет супраць закона «Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы».
Перад гэтым Майсееў заключыў патрэбныя дамовы на ўборку тэрыторыі, дзяжурства «хуткай дапамогі» і ахову мерапрыемства. Сачыць за грамадскім парадкам павінен быў нарад міліцыі, аднак людзі ў форме на пікеце з’явіліся толькі раз. Прыкладна праз 5 хвілін пасля пачатку мерапрыемства міма прайшлі двое супрацоўнікаў АМАП, пасля чаго яны пакінулі перыметр стадыёна.
За такую паслугу Майсееў павінен быў заплаціць 76,5 беларускіх рублёў, але хлопец не пагадзіўся з такім становішчам спраў і падаў у УУС Магілёўскага аблвыканкама прэтэнзію, у якой пагадзіўся аплаціць толькі 2,5 рублі – якраз за хвіліннае з’яўленне супрацоўнікаў міліцыі.
Зрэшты, абласное кіраўніцтва міліцыі ідэі не ўзрадаваўся. Начальнік упраўлення фінансаў і тылу УУС Сяргей Красноў заявіў, што Ленінскі РАУС Магілёва выставіў ажно чатырох міліцыянтаў:
– Ахова грамадскага парадку прадугледжана шляхам выстаўлення двух супрацоўнікаў у раёне правядзення мерапрыемства ў грамадзянскай форме, а таксама двух супрацоўнікаў на прылеглай тэрыторыі ў форменнай вопратцы, – заявіў у сваім адказе Красноў.
Згодна з пазіцыі УУС, Аляксей Майсееў абавязаны заплаціць усю суму – 76,5 рублёў.