Магілёўскі РАУС зацікавіўся эка-актывістам і прэтэндэнтам на месца ў Палаце прадстаўнікоў Андрэем Бодзілевым.

10 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі

Увага! Пры выкарыстанні або перадруку дадзенага матэрыялу ў іншых інтэрнэт-крыніцах, згадванне сайта MSPRING.ONLINE з гіперспасылкай на арыгінальны тэкст абавязкова ў першым абзацы!



Актывіста выклікалі ў РАУС Магілёўскага раёна 6 верасня. Паводле яго слоў, міліцыя такім чынам адрэагавала на зварот кіраўніцтва заводу «Омск Карбон Магілёў».

– Гэта была проста гутарка. Падпалкоўнік міліцыі Канстанцін Губскі цікавіўся, хто здымае відэа аб заводзе «Омск Карбон», а таксама пытаўся наконт аднаго з тэкставых матэрыялаў, – распавёў Бодзілеў.

З яго слоў, адміністрацыя завода ў сваім звароце абвінаваціла эка-актывіста ў «дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі», а таксама абразе улады.

– У студзені гэтага года прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам кіраўніцтва «Омск Карбону» і чыноўнікаў. Незалежных журналістаў туды не дапусцілі. Я пракаментаваў сустрэчу, як «схадняк чыноўнікаў» і на заводзе дадумаліся абвінаваціць мяне ў «непавазе і абразе ўлады». Гэтае глупства я нават каментаваць не хачу, – падзяліўся ўражаннямі Андрэй Бодзілеў.

Ён сцвярджае, што супрацоўнік міліцыі Губскі паводзіў сябе карэктна і дзесьці нават спачуваў актывісту:

– Мне падалося, што ў Магілёўскім РАУС ўсё разумеюць і дзесьці займаюць наш бок у барацьбе за абарону экалагічных правоў грамадзян. Наўрад ці самім міліцыянтам патрэбна лішняя шуміха з-за скаргі «Омск Карбону».

Раней Андрэй Бодзілеў заявіў аб сваім вылучэнні ў кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў VII склікання па Магілёўскай-Сельскай акрузе №88. 6 верасня ён перадаў у акруговую выбарчую камісію дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы.