Арганізатарам пікету супраць дарагіх медыцынскіх паслуг адмовілі ў дарожна-маставым прадпрыемстве і адфутболілі ў Ленінскім РАУС.
7 чэрвеня. Магілёў. Алесь Святліцкі.
Нагадаем, што партыя “Справядлівы свет” і Свабодны прафсаюз металістаў хацелі правесці пікет у дазволеным месцы 11 чэрвеня. Меньш, чым за тыдзень да мерапрыемства высветлілася, што дзяржаўныя службы ці то не могуць, ці то не хочуць дапамагчы грамадзянам рэалізаваць права на свабоду сходаў:
– Нам прыйшоў адказ з МДКУ дарожна-маставога прадпрыемства, дзе нам сказалі, што няма магчымасці даць прыбіральшчыкаў на гэты дзень для прыборкі тэрыторыі пасля пікету. Ленінскі РАУС наогул распісалі адказ на паўтары старонкі, у канцы адной фразай пазначылі, што нам трэба звяртацца ў УУС Магаблвыканкама. Раней так яны не пісалі, – каментуе сітуацыю адна з арганізатараў пенсіянерка Галіна Лісіцына.
Тым часам у рашэнні Магілёўскага гарвыканкама “Аб масавых мерапрыемствах у г. Магілёве” пазначана, што заяўнікі пікету павінны заключыць дамову менавіта з аддзелам унутраных спраў адміністрацыі раёна, на тэрыторыі якога будзе адбывацца мерапрыемства. Паколькі ў горадзе для такога роду падзей адведзена толькі пляцоўка ў выглядзе стадыёна па вул. Чалюскінцаў, менавіта Ленінскі РАУС і павінен быў забяспечыць ахову мерапрыемства. Зрэшты, нягледзячы на такі паварот, Галіна Лісіцына лічыць, што шанец правесці пікет ёсць:
– Я напісала заяву, у якой пазначыла, што мы – арганізатары – бярэм на сябе абавязак забяспечыць ахову і меддапамогу, а таксама ўборку тэрыторыі пасля пікету. Алесь Сердзюкоў, член СПМ, ужо занёс ліст у гарвыканкам.
Калі мерапрыемства ўсё-такі не будзе дазволена, для Лісіцынай, прафсаюза і “Справядлівага свету” гэта будзе ўжо трэцяя няўдалая спроба масавага мерапрыемства:
– Гэта ўжо трэцяя наша спроба арганізаваць масавае мерапрыемства – пасля спробаў правесці пікет супраць павышэння коштаў і кошта камунальных паслуг. Такім чынам, мы намагаемся, каб людзі прачнуліся. Заробкі растуць? Не. Дапамога расце? Не. Кошты высокія? Так. Чыноўнікі шмат атрымліваюць? Так. Трэба, каб людзі пачалі думаць. Выходзіць на пікет без дазволу не будзем, бо ня хочам падстаўляць людзей. Але на выпадак, калі гарвыканкам прыме рашэнне на нашу карысць, мы правядзем вялікі сход, на якім вырашым арганізацыйныя пытанні, – заявіла Лісіцына.