СК павінен будзе пачаць новую праверку па ўзбуджэнню крымінальнай справы ў дачыненні да прадстаўніка раённай улады Канстанціна Кісцянёва і міліцыянта Сяргея Калеснікава.

11 ліпеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Журналіст Уладзімір Лапцэвіч з 2017 года спрабуе прыцягнуць да адказнасці чыноўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Канстанціна Кісцянёва і міліцыянта Сяргея Калеснікава. На яго думку, яны перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы і злоўжылі уладай, калі не пусцілі яго як карэспандэнта БелаПАН на сход гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008” у красавіку 2017 года.

Нягледзячы на ​​тое, што яго на сход у будынак адміністрацыі Ленінскага раёна запрасіла кіраўніцтва кааператыва, Кісцянёў забараніў журналісту прайсці ў залу. Пасля гэтага чыноўнік запрасіў супрацоўніка Ленінскага РАУС Сяргея Калеснікава, які вывеў Лапцэвіча з будынка з ужываннем сілы.

Экс-карэспандэнт БелаПАН пачаў абскарджваць дзеянні чыноўніка і міліцыянта, а таксама дамагацца ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да іх за перавышэнне службовых паўнамоцтваў і злоўжыванне ўладай.

Следчы камітэт неаднаразова спыняў праверку, пасля чаго пачынаў яе зноў:

Я ўсяго налічыў каля пятнаццаці раз, калі пастановы следчых Магілёўскага міжраённага СК адмяняліся або судом, або начальствам самога СК. З лютага мінулага года да гэтага дня я нават не мог звярнуцца ў суд са скаргай на пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы – Следчы камітэт проста сам жа адмаўляў і сам жа адмяняў адмовы, – распавёў Лапцэвіч.

21 чэрвеня гэтага года старшы следчы Рыбакоў прыняў чарговае рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Начальства СК пастанову не аспрэчыла.

Уладзімір Лапцэвіч звярнуўся ў суд Ленінскага раёна, дзе запатрабаваў адмяніць пастанову Рыбакова і накіраваць матэрыялы аб прыцягненні Кісцянёва і Калеснікава да крымінальнай адказнасці на новы разгляд.

На пасяджэнні 11 ліпеня журналіст заявіў, што за ўсе два гады, што ідзе праверка, супрацоўнік Ленінскага РАУС Сяргей Калеснікаў неаднаразова мяняў свае паказанні падчас апытанняў:

– Спачатку ён казаў, што я не прад’яўляў пасведчанне журналіста. Потым сказаў, што ён не звяртаў увагі, ці прад’яўляў я. А паводле апошніх матэрыялаў справы, ён зноў заяўляе, што я нічога не паказваў. Пастаянная блытаніна ў паказаннях кажа пра тое, што злачынца проста спрабуе пазбегнуць адказнасці, – заявіў Лапцэвіч.

Акрамя таго, ён паскардзіўся на тое, што Следчы камітэт замест таго, каб разбірацца ў справе, пастаянна ініцыюе пустыя запыты ў розныя органы, чым «імітуе бурную дзейнасць»:

Дасылаюцца бяздумныя запыты з боку СК. Іх ужо цікавіць, ці з’яўляецца аўтарскі дагавор пацвярджэннем маіх працоўных адносінаў з інфармацыйнай кампаніяй БелаПАН. Хоць па аўтарскай дамове мне былі налічаныя ганарары, былі падатковыя адлічэнні з гэтых грошай у бюджэт Рэспублiкi Беларусь. Дайшлі да таго, што СК папрасіў кансультацыю на юрфаку БДУ, каб ім патлумачылі, што такое аўтарскі дагавор. Якая ж гэта кампетэнтнасць? – выступіў на судзе Лапцэвіч.

Пракурор Дзмітрый Кузняцоў у адказ заявіў, што міліцыянт Сяргей Калеснікаў ажыццяўляў ахову грамадскага парадку. Таксама ён заявіў, што ўсе запыты, якія робіць Следчы камітэт – гэта неабходнасць.

Праўда, ён адзначыў, што пры вынясенні рашэння аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы старэйшым сьледчым Рыбаковым былі парушаныя нормы Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ – ён не зрабіў спасылку на частку неабходнага артыкула Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Кузняцоў папрасіў адмяніць пастанову і накіраваць яе на новы разгляд. Акрамя таго, ён адзначыў, што следчым трэба выклікаць для апытання прадстаўніка кампаніі БелаПАН, які мог бы распавесці аб працоўных адносінах Лапцэвіча з гэтым СМІ.

Суддзя Алена Літвіна прыняла пазіцыю пракурора і адмяніла пастанову СК па фармальных падставах, накіраваўшы матэрыялы праверкі на новы разгляд.