Аляксандр Хамратаў прасіў міліцыю распачаць адміністрацыйную справу ў дачыненні да парламентарыя.
17 чэрвеня. Магілёў. Алесь Святліцкі/photo – mogilevnews.by
Напачатку траўня 2019 гады дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, гендырэктар ЗАТ «ТІС-Магмет» Валер Гусарэвіч і некалькі чалавек сталага ўзросту ўрачыста адкрылі парэнчы ў парку ў раёне вуліцы 30-ці гадоў Перамогі. Атрымалася рэзанансна – Марзалюк і Гусарэвіч нават перарэзалі чырвоную стужку, пасля чаго сталі героямі беларускіх і расійскіх парталаў накшталт Pikabu.
Актывіст Аляксандр Хамратаў звярнуў увагу, што падчас мерапрыемства адсутнічалі супрацоўнікі міліцыі, хуткай дапамогі і МНС.
– Згодна з законам «Аб масавых мерапрыемствах», усе гэтыя службы павінны былі там прысутнічаць – гэта абавязковая ўмова, – лічыць Хамратаў.
Ён звярнуўся ў Ленінскі РАУС з просьбай правесці праверку ў дачыненні да дэпутата Ігара Марзалюка і пачаць адміністрацыйны працэс за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Участковы інспектар Арцём Чыж паведаміў Хамратаву, што апытаў Марзалюка: той заявіў, што парэнчы былі ўстаноўлены па запыце мясцовых жыхароў. Урачыстае адкрыццё канструкцыі парламентар назваў «сустрэчай з яго выбаршчыкамі», якія самі пра гэта папрасілі.
Ленінскі РАУС адмовіўся распачынаць працэс у дачыненні да дэпутата за адсутнасцю складу правапарушэння. Хамратаў не пагадзіўся з такім адказам:
– Адказ фармальны. Не ўтрымлівае канкрэтных фармулёвак і адсылак да старонак згаданага закона. Масавыя мерапрыемствы не адмяняюцца як такія, калі ты дэпутат. Я буду абскарджваць пастанову міліцыі ў судзе за неабгрунтаванасцю.