Аднойчы падмяніў сабой цэлага намесніка міністра абароны РФ.
24 траўня. Магілёў. Саша Мінько. Фота на галоўнай – blr.rs. gov.Ru
Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!
10 траўня расійская дыпмісія паведаміла аб тым, што былы амбасадар Расіі ў Рэспубліцы Беларусь Міхаіл Бабіч пакінуў Мінск. Прэзідэнт Уладзімір Пуцін вызваліў яго ад пасады 30 красавіка. Прычынай ягонай скандальнай адстаўкі сталі скаргі з боку прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. На пасадзе Бабіча заменіць кіраўнік камітэта Савета Федэрацыі па эканамічнай палітыцы Дзмітрый Мезенцаў. Да яго прыезду ў Мінск пасольствам кіруе часовы павераны Уладзімір Андрэеў.
Аднак гэта не значыць, што Беларусь засталася без нагляду з расейскага боку. Першы сакратар амбасады Расеі Леанід Макураў, які адначасова з’яўляецца і намеснікам кіраўніка прадстаўніцтва «Рассупрацоўніцтва» ў Мінску, без лішняй помпы наведаў Магілёў 17 траўня. Візіт апынуўся незаўважаным на фоне скандальнай гібелі супрацоўніка магілёўскай дзяржаўтаінспекцыі і наступных рэпрэсій прадстаўнікоў народа рома мясцовай міліцыяй.
Паводле афіцыйнага рэлізу самога прадстаўніцтва «Рассупрацоўніцтва», мэтай візіту дыпламата стала «наведванне партнёрскіх пляцовак» ў горадзе на Дняпры. Партнёрскімі аказаліся цэнтр турызму і краязнаўства «Ветразі», магілёўскі каледж мастацтваў, эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж і агралесатэхнічны каледж імя Арлоўскага ў Буйнічах. Усе гэтыя ўстановы, як аказалася, яднае ўдзел у праектах сацыяльна-культурнага грамадскага аб’яднання «Спадчына», вядомага сваёй прыхільнасцю ідэям «рускага свету».
Мэтай візіту першага сакратара пасольства было вызначэнне новых кропак ўзаемадзеяння для супрацоўніцтва моладзі так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. У каледжы мастацтваў была выказана ідэя, што выставы работ навучэнцаў пара б ужо ўключаць у праграмы беларуска-расійскіх моладзевых мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў рамках прыгранічнага супрацоўніцтва. А лесатэхнічнаму калледжу была абяцана дапамога ў стварэнні музея ваеннай тэхнікі перыяду Другой сусветнай вайны. Таксама высокі госць сустрэўся з рэктарам Беларуска-расійскага універсітэта Міхаілам Лусцянковым.
Згодна правілаў дыпламатычнай службы, першы сакратар амбасады, як правіла, кіруе групай культурных сувязяў са с т ранай знаходжання. Аднак калі прагледзець дыпламатычны склад амбасады Расеі ў Беларусі, у вочы кідаецца вялікая колькасць першых сакратароў – іх адразу трынаццаць. Магілёўскі часопіс аб правах чалавека MSPRING.ONLINE высвятліў некаторыя падрабязнасці біяграфіі Леаніда Макурава.
БЫЎ ГАЛОЎНЫМ КАЗАКAМ МАСКВЫ
Да прыезду ў Беларусь ён займаў пасаду старшыні Камітэта па справах казацтва горада Масквы. Раней ён з’яўляўся атаманам рэестравай маскоўскай акруговай казацкай грамады. Яму належыць ідэя патрулявання Масквы спецатрадамі казакоў-дружыннікаў. Камітэт па справах казацтва з’явіўся ва ўрадзе Масквы пры Сяргее Сабяніне у 2011. З гэтага моманту ў казачых колах Расіі, па сведчанні некаторых іх прадстаўнікоў, пачалася чарада расколаў. Казацкія фарміраванні, нелаяльныя афіцыйнай расейскай уладзе, перасталі трапляць у рэестр і хутка маргіналізаваліся. Тыя ж, якія аказваліся ў фаворы, пазней сталі ўдзельнічаць у разгоне акцый расійскай апазіцыі.
Вось фота, якое не так лёгка адшукаць. Цяпер дыпламат носіць толькі дыхтоўныя дзелавыя касцюмы.
У верасні 2017 года ў памяшканні расійскага Цэнтра навукі і культуры ў Мінску па ініцыятыве «Рассупрацоўніцтва» была арганізавана сустрэча з казакамі Беларусі – фарміраваннямі, цалкам не характэрнымі для нашай краіны. Мэтай сустрэчы, на якую было запрошана каля 40 чалавек, было абмеркаванне пытанняў пашырэння сувязяў з расійскім казацтвам. Курыраваў мерапрыемства Леанід Макураў ужо ў якасці першага сакратара амбасады. У сваім выступе ён спаслаўся на тое, што нібыта да яго зьвярнуліся прадстаўнікі казакоў Беларусі з прапановай стварыць пры расійскім Цэнтры навукі і культуры цэнтр вывучэння казацкай культуры.
Відавочна, Леанід Макураў не кар’ерны дыпламат. Яго біяграфія была б нічым не заўважная, калі не ўнікаць у некаторыя даты.
Ён нарадзіўся ў 1955 годзе ў Ніжнім Тагіле, а службу ва ўзброеных сілах праходзіў з 1976 па 1990 гады. Гэта значыць, арміі ён аддаў чатырнаццаць гадоў жыцця. Некаторыя вехі яго біяграфіі ніяк не асветлены ў афіцыйных дадзеных пра яго.
ЯК МАКУРАЎ ЗЬВЯЗАНЫ З РАСІЙСКАЙ ВЫВЕДКАЙ?
А між тым ён узначальваў калінінградскае аддзяленне таварыства «Бяспека Айчыны», якое аб’ядноўвалп адстаўных афіцэраў вышэйшага рангу. Пасля думскіх выбараў 1999 г. стаў сябрам экспертна-кансультатыўнага савета Дзярждумы па праблемах нацыянальнай бяспекі. Праз два гады ён становіцца віцэ-прэзідэнтам выдавецкага дома «Рускі прадпрымальнік», быў галоўным рэдактарам аднайменнага аналітычнага часопіса, сярод заснавальнікаў якога, апроч прыватных асоб, значылася рэгіянальная грамадская арганізацыя ветэранаў знешняй выведкі.
Напачатку нулявых гадоў ён быў заўважаны як пасярэднік на перамовах аб пастаўцы Грэцыі расійскага ўзбраення. У прыватнасці – караблёў на паветранай падушцы “Зубр” і сродкаў СПА.
А ў кастрычніку 2003 года ён нават узначаліў афіцыйную расійскую дэлегацыю на расейска-грэцкім форуме «Мая Радзіма». Макураў тады падмяніў сабой цэлага намесніка міністра абароны РФ, адказнага за ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі.
Сапраўдная мэта візіту першага сакратара амбасады і «спецыяліста па культуры» у магілёўскія каледжы застаецца пытаннем адкрытым. Але варта нагадаць, што падчас падрыхтоўкі да V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які прайшоў у кастрычніку мінулага года, «Рассупрацоўніцтва» заявіла аб жаданні адкрыць у Магілёве свой «апорны пункт». Гэты інфармацыйны ўкід быў праігнараваны беларускім бокам. Але, мяркуючы па ўсім, расейская амбасада ад гэтай ідэі не адмаўляецца.