З прыпыначкам у Растове-на-Доне.

15 траўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Праваабаронца Аляксей Колчын выявіў у Магілёве рэкламу транспартнай групы «Артас-тур» з гучным загалоўкам «Мы вярнулі Крым». Фірма прапануе магілёўцам адпачынак на паўднёвым узбярэжжы анэксаванай Расійскай Федэрацыяй паўвыспы.

За суму ў некалькі сотняў даляраў можна адпачыць на працягу 11 дзён у Гурзуфе, Сімеізе або Алушце. Туры намечаныя як мінімум на чэрвень і ліпень.

Ехаць прыйдзецца на аўтобусе праз тэрыторыю Расеі з прыпынкам на адпачынак у адным з гатэляў Растова-на-Доне. Па словах супрацоўніцы фірмы, ніякіх адзнак аб знаходжанні ў Крыму ў пашпарт ставіць не будуць.
Кошт паездкі пачынаецца ад 235 даляраў. Пры гэтым сам «Артас-тур» просіць толькі 50 рублёў за турыстычныя паслугі. Астатнюю суму трэба плаціць на месцы.

Нагадаем, што Рэспубліка Беларусь на афіцыйным узроўні не прызнала Крым часткай Расійскай Федэрацыі. Па ўкраінскіх законах беларусам забаронена ўязджаць на паўвыспу не праз тэрыторыю Украіны, інакш іх можа чакаць забарона на ўезд у краіну, штраф ці арышт да 15 сутак.
Пры гэтым, калі верыць сайту «Артас-тур», фірма аказвае транспартныя паслугі ў тым ліку і ва Украіну.