Ужо вядома, што ў бліжэйшы час не адбудзецца Inspire Fest. А што з «Дранік-фэстам» і «Вялікім гарадскім пікніком»?
14 мая. Магілёў. Алесь Святліцкі/ Фота – vk.com/mogilev_creative
Цэнтр гарадскіх ініцыятыў абвясціў аб тым, што намечаны на чэрвень творчы фестываль Inspire Fest пакуль не адбудзецца. Арганізатары паведамілі, што з-за новаўвядзенняў у закон аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь, выдаткі на правядзенне фэсту рэзка выраслі.
Ещё одна плохая новость – пока не состоится Inspire Fest pic.twitter.com/ys7fPaRaPN
— Могилевчанин Денис (@vasilkov) 13 мая 2019 г.
Па новай версіі закона толькі за паслугі міліцыі ЦГІ прыйдзецца заплаціць 5700 беларускіх рублёў.
– Мы некамерцыйная арганізацыя, ні адзін партнёр нашых фестываляў, мясцовы і буйны бізнэс, якія дапамагаюць у арганізацыі фестываляў, не гатовыя стаць спонсарам аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, – напісала ў сябе ў Facebook адна з арганізатарак Наталля Драгальчук.
Акрамя таго, яна распавяла пра змены ў правядзенні іншага традыцыйнага мерапрыемства – «Вялікага гарадскога пікніка»:
– Пікнік будзе, але … Але ў іншым месцы, у іншы час, не зусім мы самі арганізатары.
Каб мерапрыемствы адбыліся і арганізатарам не прыйшлося марнаваць вялікую колькасць грошай на паслугі міліцыі, неабходна, каб іх ўключылі ў план гарадскіх мерапрыемстваў гарвыканкама.
Ну а што з «Дранік-фэстам»? Блогер Дзяніс Васількоў у сваім твітары паведаміў, што «пакуль пытанне вырашаецца».
Пока решается вопрос
— Могилевчанин Денис (@vasilkov) 13 мая 2019 г.
Нагадаем, што ў студзені 2019 года ў Беларусі пачалі дзейнічаць новыя правілы правядзення масавых мерапрыемстваў, якія ладзяцца грамадзянамі, грамадскімі аб’яднаннямі і палітычнымі партыямі. Рэзка павялічыўся кошт паслуг па ахове парадку: у залежнасці ад колькасці ўдзельнікаў, сума толькі «на міліцыю» можа дасягнуць некалькіх тысяч даляраў.