Аляксандр Cомаў, як сцвярджаюць відавочцы, ехаў павольна, на ім быў шлем, але ад смерці з-за небяспечнай ямы на дарозе гэта яго не ўратавала. У той жа час улады сцвярджаюць, што з дарогамі ў горадзе ўсё ў парадку.
13 траўня. Магілёў. Алесь Светлицкий / Фота на галоўнай – Алесь Сабалеўскі, vk.com/ales_sabalewski
Магілёўскі веласіпедыст і фатограф Аляксандр Сомаў трагічна загінуў у раёне Юбілейнага, побач з вуліцай Каралева, з-за ямы на дарозе. Як паведамілі ў ініцыятыве «Тутэйшы ровар», Сомаў наехаў на яму з лужынай, якая апынулася занадта глыбокай. У выніку падзення веласіпедыст памёр.
Як адзначыла ў каментарах ў групе Магілёў.Live ягоная знаёмая Ірына Шылава, Аляксандр быў у шлеме і ехаў павольна:
– Я ехала побач з Аляксандрам, калі гэта здарылася. Ехалі мы павольна. Ён заехаў у лужыну, а там аказалася глыбокая ямка. Патрапіўшы ў яе пярэднім колам, Аляксандр упаў і адразу адключыўся. Мы выклікалі хуткую, яго забралі ў гарадскую бальніцу, а дзесьці праз 30 хвілін ён сканаў. Аляксандар быў у шлеме.
Як бачна па наступнай фатаграфіі, глыбіня ямы складае каля 10 сантыметраў.
Ужо на наступны дзень дарожныя службы заладзілі яму. На жаль, для гэтага спатрэбілася, каб памёр чалавек.
Раней магілёўцы ўжо неаднаразова патрабавалі ад уладаў прывесці дарогі ў парадак. У папярэднія гады яны ладзілі прабегі, збіралі подпісы, але толку ад гэтага было няшмат.
У студзені гэтага года актывіст Аляксандр Хамратаў толькі пасля публічнага рэзанансу дамогся рамонту дарожнага палатна ў раёне Палаца гімнастыкі. Глыбіня ям там дасягала 13 сантыметраў.