У дзень салідарнасці працоўных яны раздавалі ўлёткі побач з мясцовым аблвыканкамам і раскідвалі іх па паштовых скрынях.

3 мая. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Напярэдадні 1 траўня анархісцкая група “Прамень” заклікала сваіх прыхільнікаў ва ўсіх гарадах Беларусі адсвяткаваць дзень працоўных «акцыямі супраць варожага нам дзяржаўнага парадку, супраць улады грошай і начальнікаў»:

– Хай вас не бянтэжыць, што вас мала, або ў сваім горадзе вы наогул адзін. Гэта той дзень, калі цалкам дарэчныя будуць сімвалічныя акцыі, якія нагадваюць людзям пра тое, што мы ёсць і гатовыя змагацца, – гаварылася ў заяве.

Таксама анархісцкая група загадзя падрыхтавала ўлётку «Пастаў начальніка на месца», якую прапанавала распаўсюдзіць сваіх прыхільнікаў.

Пазней анархісты «Промня» заявілі на сваёй старонцы «Вконтакте», што ў Магілёве падчас інфармацыйнай акцыі прыхільнікам групы 1 траўня ўдалося распаўсюдзіць трыста асобнікаў улётак. Частку з іх раскідалі па паштовых скрынях, частку – раздалі ў цэнтры горада недалёка ад Магілёўскага абласнога выканкама.