Пры гэтым на Youtube выпускі вельмі рэдка збіраюць больш за 250 праглядаў.

10 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Магілёўскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя размясціў заяву на стварэнне 10 выпускаў экалагічнай тэлеперадачы «Зялёная карта».

Раней праграма з такой назвай ужо выходзіла ў эфіры тэлеканала «Беларусь-4».

Хранаметраж кожнага з дзесяці выпускаў, на замову чыноўнікаў, не павінен перавышаць дзесяці хвілін. Фармат тэлевізійнага прадукту – інфармацыйная тэлеперадача на экалагічную тэматыку.

Цікава, што ў пункце «мэтавая аўдыторыя» прадстаўнікі камітэта напісалі «шырокая».

«Тэлеперадача павінна асвятляць пытанні аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, інфармаваць насельніцтва пра стан навакольнага асяроддзя і меры па яе паляпшэнні, фармаваць экалагічную культуру насельніцтва», – пазначана ў апісанні заявы.

Службоўцы гатовы шчодра  заплаціць з абласнога бюджэту: прыблізны кошт закупу – 29 800 рублёў за дзесяць ролікаў.

Інакш кажучы, стварэнне і трансляцыя аднаго дзесяціхвіліннага роліка пра экалогію абыдзецца дзяржаве ў сярэднім у 2980 BYN – ці каля 1,5 тыс. даляраў.

Не сказаць, што «Зялёная карта» – феерычная праграма. Магчыма, перад экранамі тэлевізараў яна збірае сотні тысяч чалавек, але ў Youtube поспехі крайне сціплыя – колькасць праглядаў рэдка перавальвае за 250.