Палітыкі Магілёўшчыны гатовыя каардынаваць паміж сабой частку сваіх дзеянняў, але выступаць адзіным фронтам не будуць.

25 мая. Магілёў. Сядзіба ГА «Партыя БНФ». Ігар Лазоўскі. На фота – Віталь Макаранка падчас дыскусіі


Магілёўскае аддзяленне партыі БНФ адмовілася ад агульнай кааліцыі з іншымі палітычнымі сіламі рэгіёна. Пра гэта заявіў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі партыі БНФ Віталь Макаранка на сустрэчы з прадстаўнікамі іншых партый і грамадскіх аб’яднанняў.

Паводле яго слоў, на сойме партыі БНФ было прынята канчатковае рашэнне вылучацца на парламенцкія выбары самастойна, без удзелу ў якой-небудзь палітычнай кааліцыі. Адпаведна, рэгіёны абавязаны падпарадкоўвацца рашэнню цэнтральнага кіруючага органа:

Пагадзіцеся, будзе дзіўна, калі на сойме партыі мы вырашылі адно, а потым раптам Магілёў вырашыў паступіць па-свойму? Сэнс у аб’яднанні, у адным кандыдаце ёсць тады, калі ёсць шанец выйграць. А калі ўжо вырашана, хто пройдзе ў парламент, а хто не, лепш выкарыстаць гэты час для інфармавання людзей. І ў такім выпадку, мне здаецца, пяць кандыдатаў, якія пяць разоў скажуць пра існуючыя праблемы лепш, чым адзін, – сказаў Віталь Макаранка.

Прадстаўнік партыі БСДП (Народная грамада) Юрый Новікаў насупраць – выступіў за тое, каб пераадолець разрозненасць. Ён выказаў упэўненасць у тым, што сумесныя намаганні дадуць большы вынік:

– Мы можам сабраць прадстаўнікоў 8-10 грамадскіх аб’яднанняў і партый і дамовіцца аб нейкай агульнай стратэгіі хоць бы ў частцы заяў пасля выбараў, – сказаў Новікаў.

У ходзе непрацяглай дыскусіі было прынята рашэнне сабраць усе зацікаўленыя сілы ў пачатку чэрвеня, каб прыйсці да магчымага дагавору аб каардынацыі сіл.

– Гаворка ідзе не аб кааліцыі, а аб узгадненні дзеянняў. Мы цалкам можам абменьвацца інфармацыяй, якая ёсць у нас, сумесна інфармаваць насельніцтва. Мне здаецца, што як раз пасля гэтых парламенцкіх выбараў можна казаць пра нейкую кааліцыю – будзе відаць, хто сапраўды займаўся справай, а хто – не, – падсумаваў Віталь Макаранка.

На сустрэчы, акрамя прадстаўнікоў партыі БНФ і БСДП (Народная грамада), прысутнічалі сябры “Еўрапейскай Беларусі”, Свабоднага прафсаюза металістаў, праваабарончага цэнтра “Вясна”. На сумесны збор грамадскіх аб’яднанняў і партый на пачатку чэрвеня плануецца таксама запрасіць прадстаўнікоў АГП, БСДП (Грамада), БХД, членаў незалежных прафсаюзаў і праваабаронцаў.